- 1. Фэст, прыбыўшы ў вобласьць, праз тры дні выправіўся з Кесарыі ў Ерусалім.
- 2. Тады першасьвятар і самыя знакамітыя Юдэі зьявіліся да яго са скаргай на Паўла і перконвалі яго,
- 3. просячы, каб ён зрабіў ласку, выклікаў яго ў Ерусалім; і ліхое задумалі - забіць яго ў дарозе.
- 4. Але Фэст адказваў, што Павал у Кесарыі пад вартаю, і што ён сам неўзабаве падасца туды.
- 5. І вось, сказаў ён, каторыя з вас могуць, няхай пойдуць са мною, і калі ёсьць што за гэтым чалавекам, хай зьвінавацяць яго.
- 6. Пабыўшы ў іх ня болей як восем ці дзесяць дзён, вярнуўся ў Кесарыю, і на другі дзень, сеўшы на суднае месца, загадаў прывесьці Паўла.
- 7. Калі ён зьявіўся, пасталі навокал Юдэі, якія прыйшлі зь Ерусаліма, і ўзводзілі на Паўла многія цяжкія абвінавачаньні, якіх не маглі даказаць.
- 8. А ён у апраўданьне сваё сказаў: я ня ўчыніў ніякага злачынства ні супраць закона Юдэйскага, ні супраць храма, ні супраць кесара.
- 9. Фэст, хочучы дагадзіць Юдэям, сказаў у адказ Паўлу: ці хочаш ісьці ў Ерусалім, каб я там судзіў цябе за гэта?
- 10. Павал сказаў: я стаю перад судом кесаравым, дзе мяне і належыць судзіць; Юдэяў я нічым не пакрыўдзіў, як і ты добра ведаеш;
- 11. бо, калі не мая праўда і зрабіў што-небудзь вартае сьмерці, дык не зракуся памерці; а калі нічога таго няма, у чым гэтыя вінавацяць мяне, дык ніхто ня можа выдаць мяне ім; патрабую суду кесаравага.
- 12. Тады Фэст, пагутарыўшы з радай, адказваў: ты спатрабаваў суду кесаравага, да кесара і выправішся.
- 13. Празь некалькі дзён цар Агрыпа і Вэрэніка прыбылі ў Кесарыю павіншаваць Фэста.
- 14. І як яны правялі там шмат дзён, дык Фэст выклаў цару справу Паўлаву, кажучы: тут ёсьць чалавек, пакінуты Феліксам у кайданах,
- 15. на якога, у бытнасьць маю ў Ерусаліме, скардзіліся першасьвятары і старэйшыны Юдэйскія, дамагаючыся засудзіць яго.
- 16. Я адказваў ім, што ў Рымлян няма звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека на згубу, перш чым абвінавачаны будзе мець скаржнікаў перад сабою і атрымае свабоду абараняцца ад абвінавачаньня.
- 17. Калі ж яны прыйшлі сюды, дык, бяз усякага адкладу, на другі дзень, сеў я на суднае месца і загадаў прывесьці таго чалавека.
- 18. Абступіўшы яго, скаржнікі не назвалі ніводнай віны ягонай, якое я чакаў;
- 19. але яны мелі пэўныя спрэчкі зь ім пра іхняе богашанаваньне і пра нейкага мёртвага Ісуса, пра Якога Павал сьцвярджаў, што Ён жывы.
- 20. Ня быўшы пэўны ў рашэньні гэтага пытаньня, я сказаў: ці ня хоча ён пайсьці ў Ерусалім і там прыняць суд у гэтым?
- 21. Але як што Павал патрабаваў, каб яго пакінулі на разгляд Аўгустаў, дык я загадаў трымаць яго пад вартаю да таго часу, як адпраўлю яго да кесара.
- 22. Агрыпа ж сказаў Фэсту: хацеў бы і я паслухаць гэтага чалавека. Заўтра ж, адказваў той, пачуеш яго.
- 23. На другі дзень, калі Агрыпа і Вэрэніка прыйшлі зь вялікаю пышнасьцю і ўвайшлі ў судовы намёт з тысячнікамі і знакамітымі грамадзянамі, па загадзе Фэста прыведзены быў Павал.
- 24. І сказаў Фэст: цару Агрыпе і ўсе прысутныя з намі мужы! вы бачыце таго, супроць якога ўсё мноства Юдэяў прыступаліся да мяне ў Ерусаліме і тут і крычалі, што ён не павінен больш жыць;
- 25. але я палічыў, што ён не зрабіў нічога вартага сьмерці, і як што ён сам дамагаўся суду ў Аўгуста, дык я рашыўся паслаць яго да кесара.
- 26. Я ня маю нічога пэўнага напісаць пра яго кесару; таму прывёў яго да вас, і найперш да цябе, цару Агрыпе, каб, пасьля разгляду, было мне што напісаць;
- 27. бо мне здаецца, неразважліва паслаць вязьня і не паказаць абвінавачаньняў на яго.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Дзеi > Глава 25