- 1. О, няцямныя Галяты! Хто падбіў вас не скарацца ісьціне, вас, у каго перад вачыма накрэсьлены быў Ісус Хрыстос, як бы сярод вас укрыжаваны?
- 2. Толькі гэта хачу ведаць ад вас: ці празь дзеі закона вы атрымалі Духа, ці праз настаўленьне ў веры?
- 3. Ці такія вы няцямныя, што, пачаўшы Духам, цяпер канчаеце плоцьцю?
- 4. Так многа вы перацярпелі няўжо марна? О, калі б толькі марна!
- 5. Той, Хто пада вам Духа і творыць сярод вас цуды, ці празь дзеі закона робіць гэта, ці праз пропаведзь веры?
- 6. Так Абрагам паверыў Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць.
- 7. Уведайце ж, што вернікі - сыны Абрагамавыя.
- 8. І Пісаньне, прадбачачы, што Бог вераю апраўдае язычнікаў, наперад узьвясьціла Абрагаму: "у табе дабраславяцца ўсе народы".
- 9. Вось так, веруючыя дабраславяцца зь верным Абрагамам.
- 10. А ўсе, хто сьцвярджаецца на дзеях закона, жывуць пад пракляцьцем. Бо напісана: "пракляты кожны, хто ня выконвае пастаянна ўсяго, што напісана ў кнізе закона".
- 11. А што законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, гэта ясна, бо "праведны вераю жыць будзе".
- 12. А закон не ад веры; "а хто выконвае яго, той жыць будзе ім".
- 13. Хрыстос адкупіў нас ад пракляцьця закона, зрабіўшыся за нас пракляцьцем - бо напісана: "пракляты кожны, хто вісіць на дрэве",
- 14. каб дабраславеньне Абрагамавае праз Хрыста Ісуса пашырылася на язычнікаў, каб нам атрымаць абяцанага Духа вераю.
- 15. Браты! кажу я па-людзку: нават чалавекам зацьверджанага запавету ніхто не адмяняе і не дадае да яго.
- 16. Але Абрагаму дадзеныя былі абяцаньні і нашчадку ягонаму. Ня сказана: "і нашчадкам", як бы пра многіх, а як бы пра аднаго: "і насеньню твайму", якое ёсьць Хрыстос.
- 17. Я кажу тое, што запавета пра Хрыста, раней Богам зацьверджанага, закон, які паявіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не адмяняе так, каб абяцаньне страціла сілу.
- 18. Бо калі паводле закона спадчына, дык ужо не паводле абяцаньня; але Абрагаму Бог даў гэта паводле абяцаньня.
- 19. Навошта ж закон? Ён дадзены пасьля з прычыны злачынстваў, да часу прышэсьця насеньня, якому было дадзена абяцаньне, і ўчынена праз анёлаў, рукою пасрэдніка.
- 20. Але пасрэднік пры адным ня бывае, а Бог адзін.
- 21. Дык ці ж закон супроць абяцаньняў Божых? Ані! Бо калі б дадзены быў закон, які мог бы ажыўляць, дык сапраўды праведнасьць была б ад закона;
- 22. але Пісаньне ўсіх замкнула пад грэх, каб абяцаньне веруючым было дадзена ад веры ў Ісуса Хрыста.
- 23. Але да прышэсьця веры, мы былі замкнутыя пад вартаю закона да таго часу, як мела адкрыцца вера.
- 24. Дык вось закон быў для нас павадыром да Хрыста, каб нам апраўдацца вераю;
- 25. а як прыйшла вера, мы ўжо не пад кіраваньнем павадыра.
- 26. Бо ўсе вы сыны Божыя па веры ў Хрыста Ісуса;
- 27. усе вы, хто хрысьціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся!
- 28. Няма ўжо Юдэя, ні язычніка; няма раба, ні вольніка; няма мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе.
- 29. Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы нашчадкі Абарагамавыя, і паводле абяцаньня спадкаемцы.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Да Галятаў > Глава 3