- 1. Дык стойце ж у свабодзе, якую даў нам Хрыстос, і ня схіляйцеся зноў пад ярмо рабства.
- 2. Вось, я, Павал, кажу вам: калі вы абразаецеся, ня будзе вам ніякае карысьці ад Хрыста.
- 3. Яшчэ сьведчу кожнаму чалавеку, які абразаецца, што ён павінен выконваць увесь закон.
- 4. Вы, хто апраўдвае сябе законам, засталіся бяз Хрыста, адпаліся ад мілаты,
- 5. а мы духам чакаем і спадзяёмся на праведнасьць ад веры;
- 6. бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абразаньне, ні неабразаньне, а вера, якая дзее празь любоў.
- 7. Вы ішлі хораша: хто спыніў вас, каб вы не скараліся ісьціне?
- 8. Такое перакананьне не ад Таго, Хто заклікае вас.
- 9. Каліва закваскі расчыняе ўсё цеста.
- 10. Я пэўны за вас у Госпадзе, што вы ня будзеце думаць іначай; а той, хто змушчае вас, хто б ён ні быў, панясе на сабе асуду.
- 11. За што ж гоняць мяне, браты, калі я і цяпер прапаведую абразаньне? Тады ганьба крыжа спынілася б.
- 12. О, калі б выдаліць тых, якія баламуцяць вас!
- 13. Да вольнасьці закліканы вы, браты, толькі вольнасьць ваша ня была б повадам дагаджаць плоці; а любоўю служэце адно аднаму.
- 14. Бо ўвесь закон у адзін сказ укладваецца: "любі блізкага твайго, як самога сябе".
- 15. Калі ж паміж сабою грызяцеся і ясьце адно аднаго, дык глядзеце, каб не панішчылі вы адно аднаго.
- 16. Я кажу: рабеце паводле Духа, і вы ня будзеце паддавацца пажадзе плоці;
- 17. бо плоць жадае супраціўнага Духу, а Дух - супраціўнага плоці: яны адно аднаму супрацівяцца, так што вы ня тое робіце, чаго хацелі б.
- 18. Калі ж вас Дух водзіць, дык вы не пад законам.
- 19. Дзеі плоці вядомыя; вось яны: пералюбства, блуд, нечыстата, непатрэбства,
- 20. ідаласлужэньне, чарадзейства, варожасьць, свары, зайздрасьць, гнеў, звады, раздоры (спакусы), ерасі,
- 21. нянавісьць, забойствы, п'янства, закалоты і іншае такое; папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўспадкуюць.
- 22. А плод Духа: любоў, радасьць, згода, доўгая цярплівасьць, добрасьць, міласэрнасьць, вера,
- 23. лагоднасьць, устрымлівасьць. На такіх няма закона.
- 24. А тыя, якія Хрыстовыя, укрыжавалі цела з пажадлівасьцю і пахацінствамі.
- 25. Калі мы жывём Духам, дык згодна з Духам і рабіць павінны.
- 26. Ня будзем пустаславіцца, адно аднаго дражніць, адно аднаму зайздросьціць.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Да Галятаў > Глава 5