- 1. Таму, браты сьвятыя, супольнікі нябеснага пакліканьня, уразумейце Пасланца і Першасьвятара вызнаньня нашага, Ісуса Хрыста,
- 2. Які верны Таму, Хто паставіў Яго, як і Майсей ва ўсім доме Ягоным.
- 3. Ён бо варты тым большае славы перад Майсеем, чым большы гонар мае ў параўнаньні з домам той, хто ўладкаваў яго;
- 4. бо кожны дом ладкуецца некім; а Хто ўладкаваў усё, ёсьць Бог.
- 5. І Майсей верны ўва ўсім доме Ягоным, як службіт, на сьведчаньне таго, што трэба было абвясьціць.
- 6. А Хрыстос - як Сын у доме Ягоным; а дом Ягоны - мы, калі толькі адвагу і спадзяваньне, якімі хвалімся, цьвёрда захаваем да канца.
- 7. Чаму, як кажа Дух Сьвяты, "сёньня, як пачуеце голас Ягоны,
- 8. не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых, як у час смуты, у дзень спакушэньня ў пустыні,
- 9. дзе спакушалі мяне бацькі вашы, выпрабоўвалі Мяне і бачылі дзеі Мае сорак гадоў.
- 10. Таму Я і ўгневаўся на той род, і сказаў: "няспынна блукаюць сэрцам, ня зьведалі яны пуцявінаў Маіх;
- 11. таму я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой".
- 12. Глядзеце, браты, каб ня было ў кім у вас сэрца ліхога і нявернага, каб вам не адступіцца ад Бога жывога.
- 13. А настаўляйце адно аднаго кожны дзень, пакуль можна казаць "сёньня", каб хто з вас не зжарсьцьвеў, зьвёўшыся грэхам;
- 14. Бо мы зрабіліся супольнікамі Хрысту, калі толькі пачатае жыцьцё цьвёрда ўтрымаем да канца,
- 15. пакуль гаворыцца: "сёньня, як пачуеце голас Ягоны, не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых, як у час смуты".
- 16. Бо некаторыя, што чулі, пачалі абурацца; але ня ўсе, што выйшлі зь Егіпта з Майсеем.
- 17. На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Хіба не на тых, што зграшылі, чые косьці засталіся ў пустыні?
- 18. Супроць каго прысягаў, што ня ўвойдуць у спачын Ягоны, калі ня супроць непакорлівых?
- 19. І вось, бачым, што яны не маглі ўвайсьці за няверства.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Да Гэбрэяў > Глава 3