- 1. І першы запавет меў уставу пра набажэнства і сьвяцілішча зямное,
- 2. бо пастаўлена была скінія першая, у якой былі сьвяцільня, і стол, і хлябы паклѓдныя, і якая называецца "сьвятое".
- 3. А за другою заслонаю была скінія, называная "сьвятое сьвятых",
- 4. у якой мелася залатая кадзільніца і абкладзены з усіх бакоў золатам каўчэг запавета, дзе былі залаты посуд з маннаю, жазло Ааронава расьцьвілае і скрыжалі запавета,
- 5. а над ім хэрувімы славы, якія асланялі ачышчальню; пра што ня трэба цяпер гаварыць падрабязна.
- 6. Пры такім уладкаваньні, у першую скінію заўсёды ўваходзяць сьвятары служыць Набажэнства;
- 7. а ў другую - адзін раз на год адзін толькі першасьвятар, не бяз крыві, якую ахвяруе за сябе і за грахі неабазнанасьці народу.
- 8. Гэтым Дух Сьвяты паказвае, што яшчэ не адкрыта дарога ў сьвяцілішча, пакуль стаіць ранейшая скінія.
- 9. Яна ёсьць вобраз цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія ня могуць зрабіць у сумленьні дасканалым ахвяравальніка,
- 10. і якія з прысмакамі і пітвом, і рознымі абмываньнямі і абрадамі, што датычацца плоці, устаноўленыя былі толькі да часу выпраўленьня.
- 11. Але Хрыстос, Першасьвятар будучых дабротаў, прыйшоўшы з большай і дасканалейшай скініяй, нерукатворнаю, гэта значыць, не таго ўсталяваньня,
- 12. і ня з крывёю казлоў і цялят, а са Сваёю Крывёю; аднаго разу ўвайшоў у сьвяцілішча і набыў вечнае адкупленьне.
- 13. Бо, калі кроў цялят і казлоў і попел ялаўкі праз акрапленьне асьвячае апаганеных, каб чыстае было цела,
- 14. дык наколькі ж болей Кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе, бездакорнага, Богу, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых дзеяў, на служэньне Богу жывому і Сапраўднаму!
- 15. І таму Ён ёсьць Заступнік Новага Запавета, каб у выніку сьмерці Ягонай, якая была дзеля адкупленьня ад злачынстваў, зробленых у першым запавеце, пакліканыя да вечнай спадчыны атрымалі абяцаньне.
- 16. Бо, дзе завяшчаньне, там трэба, каб настала сьмерць завяшчальніка,
- 17. бо завяшчаньне мае сілу пасьля памерлых; яно ня мае сілы, калі завяшчальнік жывы.
- 18. Таму і першы запавет быў уцьверджаны не бяз крыві,
- 19. бо і Майсей, прамовіўшы ўсе запаведзі паводле закона перад усім народам, узяў кроў цялят і казлоў з вадою і воўнай чырванёнаю і ісопам, і акрапіў як самую кнігу, так і ўвесь народ,
- 20. кажучы: "гэта кроў запавета, які запавядаў вам Бог".
- 21. Таксама акрапіў крывёю і скінію і ўвесь посуд богаслужбовы.
- 22. Ды і ўсё амаль паводле закона ачышчаецца крывёю, і без праліцьця крыві ня бывае дараваньня.
- 23. Таму і вобразы нябеснага павінны былі ачышчацца гэтымі, а самае нябеснае лепшымі за гэтыя ахвярамі.
- 24. Бо Хрыстос ўвайшоў не ў рукатворнае сьвяцілішча, паводле вобразу сапраўднага ўсталяванае, а ў самое неба, каб стаць сёньня за нас перад абліччам Божым,
- 25. і не на тое, каб шматкроць ахвяроўваць Сабою, як першасьвятар уваходзіць у сьвяцілішча штогод з чужою крывёю;
- 26. інакш належала б Яму шматкроць пакутаваць ад пачатку сьвету. А Ён адзін раз, пад канец вякоў, зьявіўся для зьнішчэньня грэху ахвяраю Сваёю.
- 27. І як людзям належыць адзін раз памерці, а потым суд,
- 28. так і Хрыстос: адзін раз прынёсшы Сябе ў ахвяру, каб пабраць грахі многіх, другі раз зьявіцца ня дзеля ачышчэньня грэху, а дзеля тых, што чакаюць Яго на збавеньне.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Да Гэбрэяў > Глава 9