- 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
- 2. загадай сынам Ізраілевым, каб яны прынесьлі табе алею чыстага, выціснутага з алівы, дзеля асьвячэньня, каб няспынна гарэла сьвяцільня;
- 3. за заслонай каўчэга адкрыцьця ў скініі сходу Аарон і сыны ягоныя павінны ставіць яе прад Госпадам ад вечара да раніцы заўсёды: гэта вечная пастанова ў роды вашыя;
- 4. на сьвечніку чыстым павінны яны ставіць сьвяцільню перад Госпадам заўсёды.
- 5. І вазьмі пшанічнай мукі і сьпячы зь яе дванаццаць хлябоў; у кожным хлебе павінны быць дзьве дзясятых эфы;
- 6. і пакладзі іх у два рады, па шэсьць у рад, на чыстым стале прад Госпадам:
- 7. і пакладзі на кожны рад чыстага лівану, і будзе гэта пры хлебе, у памяць, у ахвяру Госпаду;
- 8. у кожны суботні дзень заўсёды трэба класьці іх перад Госпадам ад сыноў Ізраілевых: гэта наказ вечны;
- 9. Яны будуць належаць Аарону і сынам ягоным, якія будуць есьці іх на сьвятым месцы, бо гэта вялікая сьвятыня ім з ахвяраў Гасподніх: гэта пастанова вечная.
- 10. І выйшаў сын адной Ізраільцянкі, які нарадзіўся ад Егіпцяніна, да сыноў Ізраілевых, і пасварыўся ў табары сын Ізраільцянкі зь Ізраільцянінам;
- 11. ганіў сын Ізраільцянкі імя Госпада і ліхасловіў. І прывялі яго да Майсея;
- 12. і пасадзілі яго пад варту, пакуль ня будзе абвешчана ім воля Гасподняя.
- 13. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
- 14. выведзі ганьбоўца прэч з табару, і ўсе, хто чуў яго, няхай пакладуць рукі свае на галаву ягоную, і ўсё супольства пабэе яго камянямі;
- 15. і сынам Ізраілевым скажы: хто будзе ліхасловіць Бога свайго, той панясе грэх свой;
- 16. і ганьбовец імя Гасподняга павінен памерці, камянямі пабэе яго ўсё супольства: хай тое прыхадзень, хай тубылец пачне ганіць імя, аддадзены будзе сьмерці.
- 17. Хто забье якога-небудзь чалавека, той аддадзены будзе сьмерці.
- 18. Хто забье быдла, павінен заплаціць за яго, быдла за быдла.
- 19. Хто зробіць шкодзіну на целе блізкага свайго, таму трэба зрабіць тое самае, што ён зрабіў:
- 20. пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб; як ён зрабіў шкодзіну на целе чалавека, так і яму трэба зрабіць.
- 21. Хто забье быдла, павінен заплаціць за яго; а хто забэе чалавека, таго трэба аддаць сьмерці.
- 22. Адзін суд павінен быць у вас, як прыхадню, так і тубыльцу, бо Я Гасподзь, Бог ваш.
- 23. І сказаў Майсей сынам Ізраілевым; і вывелі ліхаслоўца прэч з табара, і пабілі яго камянямі, і зрабілі сыны Ізраілевыя, як загадаў Гасподзь Майсею.
Ничего нет для сопоставления.