< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66

Глава 44

  • Закрыть сопоставления
  • 1. А цяпер слухай, Якаве, рабе Мой, і Ізраіле, якога я выбраў.
  • 2. Так кажа Гасподзь, Які стварыў цябе, і ўзгадаваў цябе, дапамагае табе ад улоньня мацярынскага, ня бойся, рабе Мой, Якаве, і любасны Ізраіле, якога Я выбраў;
  • 3. бо Я вылью вады на спрагненае; вылью дух Мой на племя тваё і дабраславеньне Маё на нашчадкаў тваіх.
  • 4. І будуць расьці сярод травы, як вербы пры патоках водаў.
  • 5. Адзін скажа: "я - Гасподні", другі назавецца імем Якава; а іншы напіша рукою сваёю: "я - Гасподні", і назавецца імем Ізраіля.
  • 6. Так кажа Гасподзь, Цар Ізраіля, і Адкупнік ягоны, Гасподзь Саваоф: Я - першы, і Я - апошні; і акрамя Мяне няма Бога,
  • 7. бо хто - як Я? Хай ён раскажа, абвесьціць і ў парадку паставіць перад Мною ўсё з таго часу, як Я зладзіў народ старажытны, альбо хай абвесьціць наступнае і будучае.
  • 8. Ня бойцеся і не палохайцеся: ці не здавён Я абвясьціў табе і прадказаў? І вы - Мае сьведкі. Ці ёсьць Бог апрача Мяне? няма, іншай цьвярдыні ніякай ня ведаю.
  • 9. Тыя, што робяць ідалаў, - усе нікчэмныя, і самыя прагавітыя зь іх ня прыносяць ніякай карысьці, і яны самі сабе ў тым сьведкі. Яны ня бачаць і не разумеюць, і таму будуць пасаромленыя.
  • 10. Хто зрабіў бога і выліў ідала, што ня прыносіць ніякай карысьці?
  • 11. Усе ўдзельныя ў гэтым будуць пасаромленыя, бо і майстры самі - таксама зь людзей; яны ўбаяцца, і ўсе будуць пасаромленыя.
  • 12. Каваль робіць з жалеза сякеру і працуе на вугольлі, малаткамі абрабляе яе і працуе над ёю моцнаю рукою сваёю да таго, што аж робіцца галодны і бясьсілы, ня п'е вады і зьнемагае.
  • 13. Цясьляр, сьсекшы дрэва, праводзіць па ім лінію, вострым канцом прылады робіць на ім абрыс, потым абрабляе яго разцом і акругляе яго, і вырабляе зь яго вобраз чалавека прыгожага выгляду, каб паставіць яго ў доме.
  • 14. Ён і сячэ сабе кедры, бярэ сасну і дуб, якія выбера з-паміж дрэваў у лесе, садзіць ясень, а дождж росьціць яго.
  • 15. І гэта служыць чалавеку палівам, і частку гэтага ўжывае ён на тое, каб яму было цёпла, і разводзіць агонь, і пячэ хлеб. І з таго ж самага робіць бога, і пакланяецца яму, робіць ідала і падае перад ім.
  • 16. Частку дрэва паліць у агні, другою часткаю гатуе мяса на ежу, смажыць і есьць удосыць, а таксама грэецца і кажа: "добра, я сагрэўся; адчуў агонь".
  • 17. А з рэшты таго робіць бога, ідала свайго, пакланяецца яму, падае перад ім і моліцца яму, і кажа: "выратуй мяне, бо ты бог мой".
  • 18. Ня ведаюць і не разумеюць яны: Ён заплюшчыў вочы іх, каб ня бачылі, і сэрцы іх, каб не разумелі.
  • 19. І ня возьме ён гэтага да свайго сэрца, і няма ў яго столькі веданьня і розуму, каб сказаць: "палавіну яго я спаліў у агні і на вугольлі яго сьпёк хлеб, засмажыў мяса і зьеў: а з рэшты яго ці ж зраблю мярзоту? ці буду пакланяцца кавалку дрэва"?
  • 20. Ён ганяецца за пылам; ашуканае сэрца ўвяло яго ў аблуду, і ён ня можа вызваліць душы сваёй і сказаць: ці не падман у правай руцэ маёй?
  • 21. Памятай гэта, Якаве і Ізраіле, бо ты - раб Мой; Я ўзгадаваў цябе: раб Мой - ты, Ізраіле, не забывай Мяне.
  • 22. Разьвяду беззаконьні твае, як туман, і грахі твае, як воблака; зьвярніся да Мяне, бо я адкупіў цябе.
  • 23. Радуйцеся, нябёсы, бо Гасподзь зрабіў гэта. Усклікайце, глыбіні зямлі; гудзеце ад радасьці, горы; лес і ўсе дрэвы ў ім; бо адкупіў Гасподзь Якава і праславіцца ў Ізраілі.
  • 24. Так кажа Гасподзь, Які адкупіў цябе і ўзгадаваў цябе ад нутра мацерынага: Я - Гасподзь, Які стварыў усё, адзін раскінуў нябёсы і Сваёю сілаю разаслаў зямлю,
  • 25. Які робіць нікчэмнымі азнакі ілжэпрарокаў і выкрывае вар'яцтва чарадзеяў, мудрацоў праганяе назад, і веды іх робіць глупствам,
  • 26. Які сьцявярджае слова раба Свайго і дае выкананьне выслоўю Сваіх пасланцаў, Які кажа Ерусаліму: "ты будзеш населены" і гарадам Юдавым: "вы будзеце пабудаваныя, і руіны яго Я аднаўлю,
  • 27. Які бездані кажа: "ссохні!" і рэкі твае Я высушу,
  • 28. Які кажа пра Кіра: "пастыр Мой", і ён выканае ўсю волю Маю і скажа Ерусаліму: "ты будзеш пабудаваны!" і храму: "ты будзеш заснаваны!"
Ничего нет для сопоставления.