- 1. Так кажа Гасподзь: захоўвайце суд і кіруйцеся праўдаю; бо блізка збавеньне Маё і адкрыцьцё праўды Маёй.
- 2. Шчасны муж, які робіць гэта, і сын чалавечы, які моцна трымаецца гэтага, які захоўвае суботу ад апаганьваньня і стрымлівае руку сваю, каб не зрабіць ніякага ліха.
- 3. Хай ня кажа сын іншапляменца, які далучыўся да Госпада: "Гасподзь зусім адлучыў мяне ад Свайго народа", і хай ня кажа еўнух: "вось, я сухое дрэва".
- 4. Бо Гасподзь так кажа пра еўнухаў: хто шануе Мае суботы і выбірае заўгоднае Мне і моцна трымаецца запавету Майго,
- 5. тым дам Я ў доме Маім і ў сьценах Маіх месца і імя лепшае, чым сынам і дочкам: дам ім вечнае імя, якое ня вынішчыцца.
- 6. І сыноў іншапляменцаў, якія далучыліся да Госпада, каб служыць Яму і любіць імя Госпада, быць рабамі Яго, - усіх, хто захоўвае суботу ад апаганьваньня і цьвёрда трымаецца запавету Майго,
- 7. Я прывяду на сьвятую гару Маю і парадую іх у Маім доме малітвы; цэласпаленьні іхнія і ахвяры іхнія будуць на ахвярніку Маім, бо дом Мой называецца домам малітвы для ўсіх народаў.
- 8. Гасподзь Бог, Які зьбірае расьсеяных Ізраільцянаў, кажа: да сабраных у яго Я буду яшчэ зьбіраць іншых.
- 9. Усе зьвяры польныя, усе зьвяры лясныя, ідзеце есьці!
- 10. Вартаўнікі ў іх сьляпыя ўсе і невукі: усе яны нямыя сабакі, якія ня ўмеюць брахаць, пазяхаюць лежачы, любяць спаць.
- 11. І гэта - сабакі, прагныя душою, ня ведаюць сытасьці; і гэта - пастухі бесталковыя: усе глядзяць на сваю дарогу, кожны да апошняга, на сваю радасьць;
- 12. прыходзьце, кажуць, я дастану віна, і мы нап'емся сікеры; і заўтра тое самае будзе, што сёньня, ды яшчэ і болей.
Ничего нет для сопоставления.