- 1. І абвясьціў у вушы мае вялікім голасам, кажучы: хай наблізяцца карнікі горада, кожны са сваёю згубнаю прыладаю ў руцэ сваёй.
- 2. І вось, шэсьць чалавек ідуць ад верхняе брамы, павернутае да поўначы, і ў кожнага ў руцэ пагібельная прылада ягоная, і сярод іх адзін, апрануты ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады. І прыйшлі і сталі каля меднага ахвярніка.
- 3. І слава Бога Ізраілевага сышла з херувіма, на якім была, да парога Дома. І паклікаў Ён чалавека, апранутага ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады.
- 4. І сказаў яму Гасподзь: прайдзі пасярод горада, пасярод Ерусаліма, і на ілбах людзей, якія смуткуюць і ўбольваюцца праз усе гідоты, што чыняцца сярод яго, зрабі знак.
- 5. А тым сказаў у слых мой: ідзеце за ім па горадзе і беце; хай не шкадуе вока ваша, і ня літуйце;
- 6. старога, юнака і дзяўчыну, і дзіця і жанчын беце да сьмерці, але не чапайце ніводнага чалавека, на якім знак, і пачнеце ад сьвятыні Маёй. І пачалі яны з тых старэйшынаў, якія былі перад Домам.
- 7. І сказаў ім: апаганьце Дом і напоўніце двары забітымі, і выйдзіце. І выйшлі і пачалі забіваць у горадзе.
- 8. І калі яны іх забілі, а я застаўся, тады я ўпаў на аблічча сваё і закрычаў, і сказаў: о Госпадзе Божа! няўжо Ты загубіш усю рэшту Ізраіля, выліваючы гнеў Твой на Ерусалім?
- 9. І сказаў Ён мне: бязбожнасьць дому Ізраілевага і Юдавага вялікая, вельмі вялікая; і зямля гэтая поўная крыві, і горад поўны крыўды; бо яны кажуць: "пакінуў Гасподзь зямлю гэтую, і ня бачыць Гасподзь".
- 10. Затое і Маё вока не ўмілажаліцца, і не памілую; абярну іх паводзіны на іхнюю галаву.
- 11. І вось, чалавек, апрануты ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады, даў адказ і сказаў: я зрабіў, як Ты загадаў мне.
Ничего нет для сопоставления.