- 1. І было мне слова Гасподняе:
- 2. сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да Гога ў зямлі Магог, князя Роша, Мэшэха і Тувала, і вымаві на яго прароцтва
- 3. і скажы: так кажа Гасподзь Бог: вось Я - на цябе, Гог, князь Роша, Мэшэха і Тувала!
- 4. І павярну цябе і ўкладу цуглі ў сківіцы твае і выведу цябе і ўсё войска тваё, коней і верхаўцоў, усіх пры поўнай зброі, вялікае полчышча, у брані і з шчытамі, усіх узброеных мечамі,
- 5. Персаў, Эфіопаў і Лівійцаў зь імі, усіх з шчытамі і ў шаломах,
- 6. Гамэра з усімі ягонымі атрадамі, дом Тагарма, ад паўночных межаў, з усімі ягонымі атрадамі, многія народы з табою.
- 7. Рыхтуйся і зьбірайся - ты і ўсе полчышчы твае, што пазьбіраліся да цябе, - і будзь ім за правадыра.
- 8. Праз многа дзён ты спатрэбішся; у апошнія гады ты прыйдзеш у зямлю, збаўленую ад меча, сабраную з многіх гарадоў, на горы Ізраілевыя, якія былі ў пастаянным запусьценьні, але цяпер жыхары яе будуць вернуты з народаў і ўсе яны будуць жыць у бясьпецы.
- 9. І падымешся як бура, пойдзеш як хмара, каб накрыць зямлю, - і ты і ўсе полчышчы твае і многія народы з табою.
- 10. Так кажа Гасподзь Бог: у той дзень прыйдуць табе на сэрца думкі, і ты намысьліш ліхі ўчынак
- 11. і скажаш: падымуся я на зямлю неабгароджаную, пайду на бястурботных, якія жывуць у бясьпецы, - усе яны жывуць бязь сьцен, і няма ў іх ні замкоў, ні дзьвярэй,
- 12. каб учыніць рабунак і набраць здабычы, накласьці руку на зноў заселеныя руіны і на народ, сабраны з народаў, які вядзе гаспадарку і гандаль, які жыве на вяршыні зямлі.
- 13. Сава і Дэдан і купцы Тарсіскія з усімі іхнімі маладымі львамі скажуць табе: ты прыйшоў, каб учыніць рабунак, сабраў полчышча тваё, каб набраць здабычы, узяць срэбра і золата, адабраць быдла і маёмасьць, захапіць вялікую здабычу?
- 14. Таму вымаві прароцтва, сыне чалавечы, і скажы Гогу: так кажа Гасподзь Бог: ці ж не? таго дня, калі народ Мой Ізраіль будзе жыць у бясьпецы, ты ўведаеш гэта;
- 15. і пойдзеш зь месца твайго ад паўночных межаў, - і ты і многія народы з табою, усе, хто сядзіць на конях, зборня вялікая і войска шматлікае.
- 16. І падымешся на народ Мой, на Ізраіля, як хмара, каб накрыць зямлю: гэта будзе ў апошнія дні, і Я прывяду цябе на зямлю Маю, каб народы ўведалі Мяне, калі Я над табою, Гог, яўлю сьвятасьць Маю перад іх вачамі.
- 17. Так кажа Гасподзь Бог: ці ня ты - той самы, пра якога Я гаварыў у старадаўнія дні праз рабоў Маіх, прарокаў Ізраілевых, якія прарочылі ў тыя часы, што Я прывяду цябе на іх.
- 18. І будзе ў той дзень, калі Гог прыйдзе на зямлю Ізраілевую, кажа Гасподзь Бог, гнеў Мой запалае ў лютасьці Маёй.
- 19. І ў рэўнасьці Маёй, у агні абурэньня Майго Я сказаў: сапраўды ў той дзень адбудзецца вялікае патрасеньне на зямлі Ізраілевай.
- 20. І затрымцяць ад аблічча Майго рыбы марскія і птушкі нябесныя, і зьвяры польныя і ўсе паўзуны, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі, якія на ўлоньні зямлі, і абваляцца горы і ўпадуць уцёсы, і ўсе сьцены ўпадуць на зямлю.
- 21. І па ўсіх горах Маіх заклічу меч супроць яго, кажа Гасподзь Бог; меч кожнага чалавека будзе супроць брата ягонага.
- 22. І буду судзіцца зь ім згубнаю пошасьцю і праліцьцём крыві, і вылью на яго і на ягоныя палкі і на многія народы, якія зь ім, усепатопны дождж і каменны град, агонь і серку;
- 23. І пакажу Маю веліч і сьвятасьць Маю і яўлю Сябе перад вачыма многіх гарадоў, - і ўведаюць, што Я - Гасподзь.
Ничего нет для сопоставления.