- 1. І вывеў мяне да зьнешняга двара паўночнаю дарогаю і прывёў мяне да пакояў, якія насупраць плошчы і насупраць будынка на поўнач.
- 2. да таго месца, якое каля паўночных дзьвярэй мае ў даўжыню сто локцяў, а ў шырыню пяцьдзясят локцяў.
- 3. Насупраць дваццаці локцяў унутранага двара і насупраць памоста, які на зьнешнім двары, былі галярэя супраць галярэі ў тры ярусы.
- 4. А перад пакоямі - ход у дзесяць локцяў шырыні, а ўсярэдзіну адзін локаць; дзьверы іх выходзяць на поўнач.
- 5. Верхнія пакоі - вузейшыя, бо галярэя забірае ў іх крыху адносна ніжніх і сярэдніх пакояў гэтага будынка.
- 6. Яны - у тры ярусы, і такіх слупоў, якія на дварах, няма ў іх; таму яны і зроблены вузей за ніжнія і сярэднія пакоі, пачынаючы ад дарогі.
- 7. А вонкавая сьцяна насупраць гэтых пакояў ад зьнешняга двара, якая складае франтальны бок пакояў, мае даўжыні пяцьдзясят локцяў;
- 8. бо і пакоі на зьнешнім двары займаюць даўжыні толькі пяцьдзясят локцяў, і вось, перад храмам сто локцяў.
- 9. А зьнізу - ход да гэтых пакояў з усходняга боку, калі падыходзяць да іх са зьнешняга двара.
- 10. У шырыню сьцены двара на ўсход перад плошчаю і перад будынкам былі пакоі.
- 11. І ход перад імі - такі самы, як і ў тых пакоях, якія выходзяць да поўначы, такая самая даўжыня, як і ў тых, і такая самая шырыня, і ўсе выхады зь іх і будова іхняя і дзьверы ў іх такія самыя, як і ў тых.
- 12. Такія самыя дзьверы, як і ў пакоях, якія на поўдзень, і для ўваходу ў іх - дзьверы каля самай дарогі, якая ішла проста ўздоўж сьцяны на ўсход.
- 13. І сказаў ён мне: пакоі на поўнач і пакоі на поўдзень, якія перад плошчаю, ёсьць пакоі сьвяшчэнныя, у якіх сьвятары, якія набліжаюцца да Госпада, ядуць самыя сьвятыя ахвяры; там сама яны кладуць самыя сьвятыя ахвяры і хлебнае прынашэньне, і ахвяру за грэх і ахвяру за злачынства, бо гэта месца сьвятое.
- 14. Калі ўвойдуць туды сьвятары, дык яны не павінны выходзіць з гэтага сьвятога месца на зьнешні двор, пакуль не пакінуць там вопраткі сваёй, у якой служылі, бо яна сьвяшчэнная; яны павінны апрануцца ў іншае адзеньне, і тады выходзіць да людзей.
- 15. Калі ён закончыў мерыць унутраны храм, дык вывеў мяне праз браму, якая выходзіць на ўсход, і пачаў мерыць яе вакол.
- 16. Ён абмерыў усходні бок мернаю трысьцінаю і намераў мернаю трысьцінаю ўсяго пяцьсот трысьцін;
- 17. з паўночнага боку тою самаю мернаю трысьцінаю намераў усяго пяцьсот трысьцін;
- 18. з паўднёвага боку намераў мернаю трысьцінаю таксама пяцьсот трысьцін.
- 19. Павярнуўшыся на заходні бок, намераў мернаю трысьцінаю пяцьсот трысьцін.
- 20. З усіх чатырох бакоў ён вымерыў яго; вакол яго быў мур даўжынёю ў пяцьсот трысьцін і ў пяцьсот трысьцін шырынёю, каб аддзяліць сьвятое месца ад несьвятога.
Ничего нет для сопоставления.