- 1. Усе запаведзі, якія я наказваю вам сёньня, старайцеся выконваць, каб вы былі жывыя і множыліся, і пайшлі й завалодалі зямлёю, даць якую запрысягнуўся Гасподзь бацькам вашым.
- 2. І памятай увесь шлях, якім вёў цябе Гасподзь, Бог твой, па пустыні, вось ужо сорак гадоў, каб упакорыць цябе, каб выпрабаваць цябе і даведацца, што ў сэрцы тваім, ці будзеш шанаваць запаведзі Ягоныя, а ці не;
- 3. Ён упакорваў цябе, таміў цябе голадам і карміў цябе маннаю, якое ня ведаў ты і ня ведалі бацькі твае, каб паказаць табе, што не адным хлебам жыве чалавек, а ўсякім словам, якое сыходзіць з вуснаў Госпада, жыве чалавек;
- 4. вопратка твая ня зношвалася на табе, і нага твая ня пухла, вось ужо сорак гадоў.
- 5. І ведай у сэрцы тваім, што Гасподзь, Бог твой, вучыць цябе, як чалавек вучыць сына свайго.
- 6. Дык вось шануй запаведзі Госпада, Бога твайго, хадзі шляхамі Ягонымі й баючыся Яго.
- 7. Бо Гасподзь, Бог твой, вядзе цябе ў зямлю добрую, у зямлю, дзе патокі водаў, крыніцы і азёры выходзяць з далінаў і гор
- 8. у зямлю, дзе пшаніца, ячмень, вінаградныя лозы, смакоўніцы і гранатавыя дрэвы, дзе аліўныя дрэвы і мёд,
- 9. у зямлю, у якой бязьбедна есьцімеш хлеб твой і ні ў чым ня мецьмеш нястачы, у зямлю, у якой камяні - жалеза, і з гор якой будзеш высякаць медзь.
- 10. І калі будзеш есьці і наядацца, тады дабраслаўляй Госпада, Бога твайго, за добрую зямлю, якую Ён даў табе.
- 11. Пільнуйся, каб не забыў ты Госпада, Бога твайго, не шануючы запаведзяў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія сёньня наказваю табе.
- 12. Калі будзеш есьці і наядацца, і пабудуеш добрыя дамы і будзеш жыць,
- 13. і калі будзе ў цябе буйнога быдла багата, і будзе многа срэбра і золата, і ўсяго ў цябе будзе многа, -
- 14. дык глядзі, каб не напышылася сэрца тваё і не забыў ты Госпада, Бога твайго, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства;
- 15. Які правёў цябе па пустыні вялікай і страшнай, дзе гады, васіліскі, скарпіёны і мясьціны сухія, на якіх няма вады; Які скрынічыў табе вады са скалы гранітнай,
- 16. карміў цябе ў пустыні маннаю, якой ня ведалі бацькі твае, каб упакорыць цябе і выпрабаваць цябе, каб пазьней зрабіць табе дабро,
- 17. і каб ты не сказаў у сэрцы тваім: "мая сіла і моц рукі маёй прыдбалі мне багацьце гэтае",
- 18. але каб памятаў Госпада, Бога твайго, бо Ён дае табе сілу набываць багацьце, каб выканаць, як сёньня, запавет Свой, які Ён прысягаю зацьвердзіў бацькам тваім.
- 19. Калі ж ты забудзеш Госпада, Бога твайго, і пойдзеш за багамі іншымі, і будзеш служыць ім і пакланяцца ім, дык сьведчу вам сёньня, што вы загінеце;
- 20. як народы, якія Гасподзь вынішчае ад аблічча вашага, так загінеце і вы за тое, што не паслухаеце голасу Госпада, Бога вашага.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Другi закон > Глава 8