Глава 25

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34
  • 1. Калі будзе цяжбіна паміж людзьмі, дык няхай прывядуць іх у суд і рассудзяць іх, чыя праўда, таго хай апраўдаюць, а вінаватага засудзяць;
  • 2. і калі вінаваты варты будзе, каб яго білі, дык судзьдзя няхай загадае пакласьці яго і біць пры сабе, гледзячы на віну ягоную, на разьлік;
  • 3. сорак удараў можна даць яму, а ня больш, каб ад многіх удараў брат твой ня быў зьнявечаны перад вачыма тваімі.
  • 4. Ня кілзай мызу валу, калі ён малоціць.
  • 5. Калі браты жывуць разам і адзін зь іх памрэ, ня маючы сына, дык жонка памерлага не павінна выходзіць на бок за чалавека чужога, а дзевер яе павінен увайсьці да яе і ўзяць яе сабе за жонку і жыць зь ёю, -
  • 6. і першынец, якога яна народзіць, застанецца зь імем брата ягонага памерлага, каб імя ягонае ня згладзілася ў Ізраіле.
  • 7. Калі ж ён не захоча ўзяць браціху сваю, дык браціха ягоная пойдзе да брамы да старэйшынаў і скажа: "дзевер мой адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраіле, ня хоча жаніцца са мною";
  • 8. тады старэйшыны горада ягонага павінны паклікаць яго і ўгаворваць яго, і калі ён стане і скажа: "не хачу браць яе",
  • 9. браціха ягоная хай пойдзе да яго на вачах у старэйшынаў, і здыме бот ягоны з нагі яго, і плюне яму ў твар, і скажа: "так робяць чалавеку, які ня будуе дома брату свайму";
  • 10. і дадуць яму імя ў Ізраіле: дом разутага.
  • 11. Калі б'юцца паміж сабою мужчыны, і жонка аднаго падыдзе, каб адабраць мужа свайго з рук таго, хто яго б'е, і, працягнуўшы руку сваю, схопіць яго за сарамату,
  • 12. дык адсячы руку ёй: хай ня літуе вока тваё.
  • 13. У мяху тваім не павінны быць дваякія гіры, вялікія і меншыя;
  • 14. У доме тваім не павінна быць дваякая эфа, большая і меншая;
  • 15. гіра ў цябе павінна быць дакладная і правільная, і эфа ў цябе павінна быць дакладная і правільная, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе;
  • 16. бо агідны прад Госпадам, Богам тваім, кожны, хто ўчыняе крыўду.
  • 17. Памятай, як зрабіў з табою Амалік у дарозе, калі вы ішлі зь Егіпта:
  • 18. як ён сустрэў цябе па дарозе і пабіў за табою ўсіх аслабелых, калі ты зьнямогся і стаміўся, і не пабаяўся ён Бога;
  • 19. дык вось, калі Гасподзь, Бог твой, супакоіць цябе ад усіх ворагаў тваіх з усіх бакоў, на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, каб авалодаць ёю, сатры з памяці Амаліка з-пад неба; не забудзься.