- 1. Сачы за месяцам Авіў і ўчыняй Пасху Госпаду, Богу твайму, бо ў месяцы Авіве вывеў цябе Гасподзь, Бог твой, зь Егіпта ўначы.
- 2. І закалі паску Госпаду, Богу твайму, з дробнага і буйнога быдла, на месцы, якое выбера Гасподзь, каб было там імя Ягонае.
- 3. Ня еж зь ёю квашанага; сем дзён еж зь ёю праснакі, хлябы бедаваньня, бо сьпешна выйшаў ты зь зямлі Егіпецкай, каб памятаў ты дзень выхаду свайго зь зямлі Егіпецкай праз усе дні жыцьця твайго;
- 4. сем дзён не павінна быць у цябе нічога квашанага ва ўсім краі, і зь мяса, якое ты прынёс у ахвяру ўвечары перашага дня, нічога не павінна заставацца да раніцы.
- 5. Ня можаш ты калоць паску ні ў якім доме тваім, які Гасподзь, Бог твой дасьць табе;
- 6. толькі на тым месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой, каб было там імя Ягонае, калі паску ўвечары пры захадзе сонца, тым самым часам, як ты выйшаў зь Егіпта;
- 7. і сьпячы і зьеж на тым месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой, а на другі дзень можаш вярнуцца і ўвайсьці ў намёты твае.
- 8. Шэсьць дзён еж праснакі, а сёмага дня адданьне сьвята Госпаду, Богу твайму; не займайся працаю.
- 9. Сем тыдняў адлічы сабе; і пачынай лічыць сем тыдняў з таго часу, як серп зажне сьпелае збожжа;
- 10. тады ўчыняй сьвята сяміцаў Госпаду, Богу твайму, у меру дайнасьці рукі тваёй, колькі дасі, гледзячы па тым, чым спадобіць цябе Гасподзь, Бог твой;
- 11. І радуйся прад Госпадам, Богам тваім, ты і сын твой і дачка твая, і раб твой і рабыня твая, і лявіт, які ў селішчах тваіх, і прыхадзень і сірата і ўдава, якія сярод цябе, на месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой, каб было там імя Ягонае;
- 12. памятай, што ты быў рабом у Егіпце, і шануй і выконвай пастановы гэтыя.
- 13. Сьвята кучак учыняй у сябе сем дзён, калі прыбярэш з гумна твайго і з чавіла твайго;
- 14. і радуйся ў сьвята тваё ты і сын твой і дачка твая, і раб твой і рабыня твая, і лявіт і прыхадзень, і сірата і ўдава, якія ў селішчах тваіх,
- 15. сем дзён сьвяткуй Госпаду, Богу твайму, на месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой; бо дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, ва ўсім плёне тваім і ва ўсякай дзеі рук тваіх, і ты будзеш толькі радавацца.
- 16. Тры разы на год увесь мужчынскі пол павінен зьяўляцца прад аблічча Госпада, Бога твайго, на месца, якое выбера Ён: у сьвята праснакоў, у сьвята сяміцаў і ў сьвята кучак; і ніхто не павінен зьяўляцца прад аблічча Госпада паражняком,
- 17. а кожны з дарункам у руцэ сваёй, паводле дабраславеньня Госпада, Бога твайго, якое Ён даў Табе.
- 18. Ва ўсіх селішчах тваіх, якія Гасподзь, Бог твой, дасьць табе, пастаў сабе судзьдзяў і наглядчыкаў па плямёнах тваіх, каб яны судзілі народ судом справядлівым;
- 19. не перакручвай закона, не зважай на асобы і не бяры дарункаў, бо дарункі сьлепяць вочы мудрым і пераварочваюць справу тых, чыя праўда;
- 20. праўды, праўды шукай, каб ты быў жывы і авалодаў зямлёю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.
- 21. Не садзі сабе гаю зь якіх-небудзь дрэў каля ахвярніка Госпада, Бога твайго, які ты зробіш сабе,
- 22. і ня стаў сабе слупа, ненавіснага Госпаду, Богу твайму.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Другi закон > Глава 16