- 1. У той час сказаў мне Гасподзь: вычашы сабе дзьве скрыжалі каменныя, падобныя да першых, і падыміся да Мяне на гару, і зрабі сабе драўняны каўчэг;
- 2. і Я напішу на скрыжалях тыя словы, якія былі на ранейшых скрыжалях, якія ты разьбіў; і пакладзі іх у каўчэг.
- 3. І зрабіў я каўчэг з дрэва сітым, і выцясаў дзьве каменныя скрыжалі, як ранейшыя, і пайшоў на гару; і дзьве гэтыя скрыжалі былі ў руках маіх.
- 4. І напісаў Ён на скрыжалях, як напісана было раней, тыя дзесяць слоў, якія сказаў вам Гасподзь на гары зь сярэдзіны агню ў дзень сходу, і аддаў іх Гасподзь мне.
- 5. І павярнуўся я, і сышоў з гары, і паклаў скрыжалі ў каўчэг, каб яны там былі, як загадаў мне Гасподзь.
- 6. І сыны Ізраілевыя выправіліся з Бээрот-Бэнэ-Яакана ў Мозэр; там памёр Аарон і пахаваны там, і стаў сьвятаром замест яго сын ягоны Элеазар.
- 7. Адтуль выправіліся ў Гудгод, з Гудгода ў Ётвату, у зямлю, дзе патокі водаў.
- 8. У той час аддзяліў Гасподзь племя Лявіінае, каб насіла каўчэг запавета Гасподняга, каб стаяла прад Госпадам, служыла Яму і дабраслаўляла імем Ягоным, да сёньня;
- 9. таму няма лявіту долі й дзялянкі з братамі ягонымі: Сам Гасподзь ёсьць дзялянка ягоная, як казаў яму Гасподзь, Бог твой.
- 10. І прабыў я на гары, як і ў ранейшы час, сорак дзён і сорак ночаў; і ўважыў мне Гасподзь і гэтым разам, не захацеў Гасподзь загубіць цябе;
- 11. і сказаў мне Гасподзь: устань, ідзі ў дарогу перад народам; няхай яны пойдуць і авалодаюць зямлёю, якую Я запрысягнуўся даць бацькам іхнім.
- 12. Дык вось, Ізраіле, чаго патрабуе ад цябе Гасподзь, Бог твой? Таго толькі, каб ты баяўся Госпада, Бога твайго, хадзіў усімі шляхамі Ягонымі і любіў Яго, і служыў Госпаду, Богу твайму, ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй,
- 13. каб трымаўся запаведзяў Госпада і пастановаў Ягоных, якія сёньня наказваю табе, каб табе было добра.
- 14. Вось у Госпада, Бога твайго, неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй;
- 15. але толькі бацькоў тваіх прыняў Гасподзь і палюбіў іх, і выбраў вас, насеньне іхняе пасьля іх, з усіх народаў, як сёньня бачыш.
- 16. Дык вось, абрэжце крайнюю плоць сэрца вашага і ня будзьце болей цьвёрдахрыбетныя;
- 17. бо Гасподзь, Бог ваш, ёсьць Бог над багамі і Валадар над валадарамі, Бог вялікі, моцны і страшны, які не зважае на абліччы і не бярэ дарункаў,
- 18. Які дае суд сіраце і ўдаве, і любіць прыхадня, і дае яму хлеб і вопратку.
- 19. Любеце і вы прыхадня, бо самыя былі прыхаднямі ў зямлі Егіпецкай.
- 20. Госпада, Бога твайго, бойся, Яму служы, і да Яго прыхініся і Ягоным імем прысягай:
- 21. Ён хвала твая і Ён Бог твой, Які зрабіў з табою тыя вялікія і страшныя дзеі, якія бачылі вочы твае;
- 22. у сямідзесяці душах прыйшлі бацькі твае ў Егіпет, а сёньня Гасподзь, Бог твой, зрабіў цябе шматлікім, як зоркі нябесныя.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Другi закон > Глава 10