- 1. Усё супольства сыноў Ізраілевых сабралася ў Сілом, і паставілі там скінію сходу, бо зямля была ўпакорана імі.
- 2. А з сыноў Ізраілевых заставалася сем плямёнаў, якія яшчэ не атрымалі надзелу свайго.
- 3. І сказаў Ісус сынам Ізраілевым: ці доўга вы яшчэ будзеце ня дбаць пра тое, каб пайсьці і ўзяць у спадчыну зямлю, якую даў вам Гасподзь Бог бацькоў вашых?
- 4. дайце ад сябе па тры чалавекі з племя; я пашлю іх, і яны, устаўшы, пройдуць па зямлі і апішуць яе, як трэба падзяліць ім на надзелы, і прыйдуць да мяне;
- 5. няхай падзеляць яе на сем надзелаў; Юда няхай застаецца ў межах сваіх на поўдні, а дом Язэпаў няхай застаецца ў межах сваіх на поўначы;
- 6. а вы расьпішэце зямлю на сем надзелаў і падайце мне сюды: я кіну вам жэрабя тут перад абліччам Госпада Бога нашага;
- 7. а лявітам няма долі паміж вамі, бо сьвятарства Гасподняе ёсьць доля іхняя; а Гад, Рувім і палавіна племя Манасіінага атрымалі надзел свой за Ярданам на ўсход, які даў ім Майсей, раб Гасподні.
- 8. Гэтыя людзі ўсталі і пайшлі. А Ісус тым, якія падышлі апісваць зямлю, даў такі загад: ідзеце, абыдзеце зямлю, апішэце яе і вяртайцеся да мяне; а я тут кіну вам жэрабя перад абліччам Гасподнім, у Сіломе.
- 9. Яны пайшлі, прайшлі па зямлі і апісалі яе, паводле гарадоў яе, на сем надзелаў, у кнізе, і прыйшлі да Ісуса ў табар, у Сілом.
- 10. Ісус кінуў ім жэрабя ў Сіломе перад Госпадам, і падзяліў там Ісус зямлю сынам Ізраілевым па дзялянках іх.
- 11. Жэрабя выпала калену сыноў Веньямінавых, паводле родаў іхніх. Мяжа іх паводле жэрабя ішла паміж сынамі Юды і сынамі Язэпа;
- 12. Мяжа іх на паўночным баку пачынаецца каля Ярдана, і праходзіць мяжа гэтая каля Ерыхона з поўначы, і падымаецца на гару на захадзе, і канчаецца ў пустыні Бэтавэн;
- 13. адтуль мяжа ідзе да Луза, да паўднёвага боку Луза, Інакш Вэтыля, і сыходзіць мяжа да Атарот-Адара, да гары, якая на паўднёвым баку Бэт-Арона ніжняга;
- 14. потым мяжа паварочвае і схіляецца да марскога боку на поўдзень ад гары, якая на поўдні перад Бэт-Аронам, і канчаецца каля Кірыят-Ваала, інакш Кірыят-Ярыма, горада сыноў Юдавых. Гэта заходні бок.
- 15. А паўднёвым бокам ад Кірыят-Ярыма ідзе мяжа да мора і даходзіць да крыніцы водаў Нэфтааха;
- 16. потым мяжа сыходзіць да канца гары, якая перад далінаю сына Эномавага, у даліне Рэфаімаў, на поўнач і сыходзіць далінаю Энома да паўднэвага боку Евуса, і ідзе да Эн-Рагела;
- 17. потым паварочвае з поўначы і йдзе да да Эн-Шамэша, і йдзе Гелілота, які насупраць узвышша Адуміма, і сыходзіць да каменя Багана, сына Рувімавага;
- 18. потым праходзіць паблізу раўніны на поўнач і сыходзіць на раўніну;
- 19. адсюль праходзіць мяжу каля Бэт-Хоглы на поўнач, і канчаецца мяжа каля паўночнай затокі мора Салёнага, каля паўднёвага канца Ярдана. Вось мяжа паўднёвая. З усходняга ж боку мяжою служыць Ярдан.
- 20. Вось надзел сыноў Веньямінавых, зь межамі ягонымі з усіх бакоў, паводле родаў іхніх.
- 21. Гарады племя сыноў Веньямінавых, паводле родаў іхніх, належалі гэтыя: Ерыхон, Бэт-Хогла і Эмэк-Кецыц.
- 22. Бэт-Арава, Цэмараім і Вэтыль,
- 23. Авім, Фара і Офра,
- 24. Кефар-Аманай, Афні і Гева: дванаццаць гарадоў зь іх сёламі
- 25. Гаваон, Рама і Бэрот,
- 26. Міцфэ, Кефіра і Моца,
- 27. Рэкем, Ірфэіл і Тарала,
- 28. Цэла, Элэф і Евус, інакш Ерусалім, Гівэат і Кірыят: чатырнаццаць гарадоў зь іх сёламі. Вось надзел сыноў Веньямінавых, паводле родаў іхніх.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Iсус Нав > Глава 18