Глава 23

  • 1. Праз многа часу пасьля таго, як Гасподзь супакоіў Ізраіля ад усіх ворагаў ягоных з усіх бакоў, Ісус састарыўся, увайшоў у сталы век.
  • 2. І склікаў Ісус усіх сыноў Ізраілевых, старэйшынаў іхніх, судзьдзяў іхніх і наглядчыкаў іхніх, і сказаў ім: я састарыўся, увайшоў у сталы век.
  • 3. Вы бачылі ўсё, што зрабіў Гасподзь Бог ваш перад абліччам вашым з усімі гэтымі народамі, бо Гасподзь Бог ваш Сам змагаўся за вас.
  • 4. Вось, я падзяліў вам па жэрабі астаткі народаў гэтых у надзел плямёнам вашым, усе народы, якія я вынішчыў, ад Ярдана да вялікага мора, на захад сонца.
  • 5. Гасподзь Бог ваш Сам прагоніць іх ад вас; і зьнішчыць іх перад вамі, каб вы атрымалі ў спадчыну зямлю іхнюю, як казаў Гасподзь Бог ваш.
  • 6. Таму ва ўсёй дакладнасьці старайцеся захоўваць і выконваць напісанае ў кнізе закона Майсеевага, ня ўхілейцеся ад яго ні направа, ні налева.
  • 7. Ня зносьцеся з гэтымі народамі, якія засталіся сярод вас, ня ўзгадвайце імёнаў божышчаў іхніх, не прысягайце і ня служэце ім і не пакланяйцеся ім,
  • 8. а прыляпецеся да Госпада Бога вашага, як вы рабілі да гэтага дня.
  • 9. Гасподзь прагнаў ад вас народы вялікія і моцныя, і перад вамі ніхто ня ўстояў да сёньня;
  • 10. адзін з вас праганяе тысячу, бо Гасподзь Бог ваш Сам змагаецца за вас, як казаў вам.
  • 11. Таму ўсяляк старайцеся любіць Госпада Бога вашага.
  • 12. Калі ж вы адвернецеся і прыстанеце да пазасталых з народаў гэтых, якія засталіся сярод вас, і ўступеце ў роднасьць зь імі і будзеце хадзіць да іх і яны да вас.
  • 13. Дык ведайце, што Гасподзь Бог ваш ня будзе ўжо праганяць ад вас народы гэтыя, а яны будуць вам пятлёю і сеткаю, бічом на рэбры вашыя і цернем у вочы вашыя, пакуль ня будзеце вынішчаныя з гэтай добрай зямлі, якую даў вам Гасподзь Бог ваш.
  • 14. Вось, я сёньня адыходжу на шлях усёй зямлі. А вы ведаеце ўсім сэрцам вашым і ўсёю душою вашаю, што не засталося марным ніводнае слова з усіх добрых слоў, якія гаварыў пра вас Гасподзь Бог ваш: усё збылося дзеля вас, ніводнае слова не засталося няспраўджаным.
  • 15. Але як збылося над вамі ўсякае добрае слова, якое гаварыў вам Гасподзь Бог ваш, так Гасподзь Бог ваш выканае над вамі ўсякае ліхое слова, пакуль ня вынішчыць вас з гэтай добрай зямлі, якую даў вам Гасподзь Бог ваш.
  • 16. Калі вы пераступіце запавет Госпада Бога вашага, які Ён пастанавіў вам, і пойдзеце і будзеце служыць іншым багам і пакланяцца ім, дык загарыцца нам вас гнеў Гасподні, і хутка зьгінеце з гэтай добрай зямлі, якую даў вам Гасподзь.