- 1. І зрабіў медны ахвярнік; дваццаць локцяў даўжыня яго і дваццаць локцяў шырыня яго і дзесяць локцяў вышыня яго.
- 2. І зрабіў мора літое, - ад краю яго да краю яго дзесяць локцяў, - усё круглае, вышынёю ў пяць локцяў; і шнурок у трыццаць локцяў абдымаў яго вакол;
- 3. і літыя падабенствы валоў стаялі пад ім вакол з усіх бакоў; на дзесяць локцяў акружалі мора вакол два рады валоў, вылітых адным ліцьцём зь ім.
- 4. Стаяла яно на дванаццаці валах: тры глядзелі на поўнач і тры глядзелі на захад, і тры глядзелі на поўдзень і тры глядзелі на ўсход, - і мора на іх зьверху; а зады іхнія былі павернуты ўсярэдзіну пад яго.
- 5. Таўшчынёю яно было ў далонь; і краі яго, зробленыя як берагі чары, былі падобныя на расьцьвілую лілею. Яно ўбірала да трох тысяч батаў.
- 6. І зрабіў дзесяць умывальніц, і паставіў пяць з правага боку і пяць зь левага, каб абмываць у іх, - што рыхтавалі да цэласпаленьня, абмывалі ў іх; а мора - сьвятарам, каб яны абмываліся ў ім.
- 7. І зрабіў дзесяць залатых сьвяцільняў, як ім быць належала, і паставіў у храме пяць з правага боку і пяць зь левага.
- 8. І зрабіў дзесяць сталоў і паставіў у храме, пяць з правага боку і пяць зь левага, і зрабіў сто залатых чараў.
- 9. І зрабіў сьвятарскі двор і вялікі двор і дзьверы ў двор, і вяроўкі іх абклаў медзьдзю.
- 10. Мора паставіў з правага боку, на паўднёвы ўсход.
- 11. І зрабіў Хірам балеі і лапаткі і чары. І скончыў Хірам працу, якую рабіў цару Саламону ў доме Божым:
- 12. два слупы і дзьве апаяскі вянкоў наверсе слупоў, і дзьве сеткі для пакрыцьця двух апаясак вянкоў, якія наверсе слупоў.
- 13. І чатырыста гранатавых яблыкаў на дзьвюх сетках, два рады гранатавых яблыкаў для кожнай сеткі, для пакрыцьця двух апаясак вянкоў, якія на слупах.
- 14. І падставы зрабіў ён і ўмывальніцы зрабіў на падставах;
- 15. адно мора, і дванаццаць валоў пад ім,
- 16. і балеі, і лапаткі, і відэльцы, і ўвесь прыбор іх зрабіў Хірам-Авій цару Саламону для дома Гасподняга з паліраванай медзі.
- 17. У навакольлі Ярдана выліваў іх цар, у гліністай зямлі, паміж Сакхотам і Цэрэдаю.
- 18. І зрабіў Саламон усе рэчы гэтыя ў вялікім мностве, так што ня ведалі вагі медзі.
- 19. Таксама зрабіў Саламон усе рэчы для дома Божага і залаты ахвярнік, і сталы, на якіх хлябы пакладныя,
- 20. і сьвяцільні і лампады іх, каб запальваць іх па статуце перад давірам, з чыстага золата.
- 21. і кветкі, і лампады, і абцугі з золата, з самага чыстага золата,
- 22. і нажы, і крапільніцы і чары, і латкі з золата самага чыстага; і дзьверы храма, - дзьверы яго ўнутраныя ў Сьвятое Сьвятых, і дзьверы храма ў сьвятыню, - з золата.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > 2-я Летапiсаў > Глава 4