- 1. І зацараваў Ёсафат, сын ягоны, замест яго; і ўмацаваўся ён супроць Ізраільцян.
- 2. І паставіў ён войска ва ўсе ўмацаваныя гарады Юдэі і расставіў ахоўнае войска па зямлі Юдэйскай і па гарадах Яфрэмавых, якімі авалодаў Аса, бацька ягоны.
- 3. І быў Гасподзь зь Ёсафатам, бо ён хадзіў першымі шляхамі Давіда, бацькі свайго, і ня шукаў Ваалаў,
- 4. а шукаў ён Бога бацькі і рабіў паводле запаведзяў Ягоных, а не па ўчынках Ізраільцянаў.
- 5. І ўцьвердзіў Гасподзь царства ў руцэ ягонай, і давалі ўсе Юдэі дары Ёсафату, і было ў яго многа багацьця і славы.
- 6. І ўзвысілася сэрца ягонае на шляхах Гасподніх; прытым і вышыні адмяніў ён і дубровы ў Юдэі.
- 7. І на трэцім годзе цараваньня свайго ён паслаў князёў сваіх Бэнхаіла і Авадыю, і Захара і Натанаіла і Міхея, каб вучылі па гарадах Юдавых народ,
- 8. і зь імі лявітаў: Шэмаю і Нэтанію, і Зэвадыю і Азаіла, і Шэмірамота і Ёнатана, і Аданію і Товію і Тоў-Аданію, і зь імі Элэшаму і Ёрама, сьвятароў.
- 9. І яны вучылі ў Юдэі, маючы з сабою кнігу закона Гасподняга: і абыходзілі ўсе гарады Юдэі і вучылі народ.
- 10. І быў страх Гасподні на ўсіх царствах земляў, якія вакол Юдэі, і не ваявалі зь Ёсафатам.
- 11. А ад Філістымлянаў прыносілі Ёсафату дарункі, і ў даніну срэбра; таксама Аравіцяне прыганялі яму дробнае быдла: бараноў сем тысяч сямсот і казлоў сем тысяч сямсот.
- 12. І ўзвышаўся Ёсафат усё больш і больш і пабудаваў у Юдэі крэпасьці і гарады пад запасы.
- 13. Многа было ў яго запасаў у гарадах Юдэйскіх, а ў Ерусаліме людзей ваенных, адважных.
- 14. І вось сьпіс іх па пакаленьнях іхніх: у Юды начальнікі тысяч: Адна начальнік і ў яго выдатных воінаў трыста тысяч;
- 15. за ім Ёханан начальнік, і ў яго дзвесьце восемдзесят тысяч;
- 16. за ім Амасія, сын Зімхры, які прысьвяціў сябе Госпаду, і ў яго дзвесьце тысяч воінаў выдатных.
- 17. У Веньяміна: выдатны воін Эліяда, і ў яго ўзброеных лукам і шчытом дзвесьце тысяч;
- 18. за ім Егазавад, і ў яго сто восемдзесят тысяч узброеных воінаў.
- 19. Вось тыя, што служылі цару, звыш тых, якіх расставіў цар ва ўмацаваных гарадах па ўсёй Юдэі.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > 2-я Летапiсаў > Глава 17