- 1. Калі царства Раваама ўцьвердзілася, і ён зрабіўся моцны, тады ён пакінуў закон Гасподні, і ўвесь Ізраіль зь ім.
- 2. На пятым годзе валадараньня Раваама, Сусакім, цар Егіпецкі, пайшоў на Ерусалім, - бо яны адступіліся ад Госпада, -
- 3. з тысячаю і дзьвюмастамі калясьніц і шасьцюдзесяцьцю тысячамі коньнікаў; і ня было ліку народу, які прыйшоў зь ім зь Егіпта, Лівійцаў, Сукхітаў і Эфіопаў;
- 4. і ўзяў умацаваныя гарады ў Юдэі і прыйшоў да Ерусаліма.
- 5. Тады Самэй прарок прыйшоў да Раваама і князёў Юдэі, якія сабраліся ў Ерусалім, ратуючыся ад Сусакіма, і сказаў ім: так кажа Гасподзь: вы пакінулі Мяне, затое і Я пакіну вас у рукі Сусакіму.
- 6. І ўпакорыліся князі Ізраілевыя і цар і сказалі: справядлівы Гасподзь.
- 7. Калі ўбачыў Гасподзь, што яны ўпакорыліся, тады было слова Гасподняе Самэю, і сказана: яны ўпакорыліся; ня зьнішчу іх і неўзабаве дам і ўратаваньне, і не пральецца гнеў Мой на Ерусалім рукою Сусакіма;
- 8. аднак яны будуць слугамі ягонымі, каб ведалі, як служыць Мне і служыць царствам зямным.
- 9. І прыйшоў Сусакім, цар Егіпецкі, ў Ерусалім і ўзяў скарбы дома Гасподняга і скарбы дома царскага; усё ўзяў ён, узяў і шчыты залатыя, якія зрабіў Саламон.
- 10. І зрабіў цар Раваам замест іх шчыты медныя, і аддаў іх на рукі начальнікам целаахоўцаў, якія ахоўвалі ўваход дома царскага.
- 11. Калі выходзіў цар у дом Гасподні, прыходзілі целаахоўцы і несьлі іх, і потым зноў выносілі іх у палату целаахоўцаў.
- 12. І калі ён упакорыўся, тады адхіліўся ад яго гнеў Госпада, і не загубіў яго да канца; прытым і ў Юдэі было нешта добрае.
- 13. І ўмацаваўся цар Раваам у Ерусаліме і валадарыў. Сорак адзін год было Равааму, калі ён зацараваў, і сямнаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які з усіх плямёнаў Ізраілевых выбраў Гасподзь, каб там было імя Ягонае. Імя маці яго Наама, Аманіцянка.
- 14. І рабіў ён ліхое, бо ня схіліў сэрца свайго да таго, каб уісьціць Госпада.
- 15. Дзеі Раваамавыя, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Самэя прарока і Ады празорліўца пры радаводах. І былі войны ў Раваама зь Ераваамам ва ўсе дні.
- 16. І спачыў Раваам з бацькамі сваімі і пахаваны ў горадзе Давідавым. І зацараваў Авія, сын ягоны, замест яго.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > 2-я Летапiсаў > Глава 12