Глава 8

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36
  • 1. Калі прайшлі дваццаць гадоў, у якія Саламон будаваў дом Гасподні і свой дом,
  • 2. Саламон забудаваў і гарады, якія даў Саламону Хірам, і пасяліў у іх сыноў Ізраілевых.
  • 3. І пайшоў Саламон на Эмат-Сува і ўзяў яго.
  • 4. І пабудаваў ён Тадмор у пустыні, і ўсе гарады пад запасы, якія заснаваў у Эмаце.
  • 5. Ён забудаваў Вэтарон верхні і Вэтарон ніжні, гарады ўмацаваныя, са сьценамі, брамамі і замкамі,
  • 6. і Ваалат і ўсе гарады пад запасы, якія былі ў Саламона, і ўсе гарады пад калясьніцы, і гарады для коньнікаў, і ўсё, што хацеў Саламон пабудаваць у Ерусаліме і на Ліване і ва ўсёй зямлі валоданьня свайго.
  • 7. Увесь народ пазасталы ад Хэтэяў і Амарэяў, і Фэрэзэяў і Эвэяў і Евусэяў, якія былі ня з сыноў Ізраілевых,
  • 8. дзяцей іхніх, пазасталых пасьля іх на зямлі, якіх ня зьнішчылі сыны Ізраілевыя, - зрабіў Саламон аброчнымі да сёньня.
  • 9. А сыноў Ізраілевых не рабіў Саламон працаўнікамі па справах сваіх, а яны былі воінамі і начальнікамі целаахоўцаў ягоных і правадырамі калясьніц ягоных і коньнікаў ягоных.
  • 10. І было галоўных прыстаўнікаў у цара Саламона, што кіравалі народам, дзьвесьце пяцьдзясят.
  • 11. А дачку фараонавую перавёў Саламон з горада Давідавага ў дом, які пабудаваў для яе, бо, казаў ён не павінна жыць жанчына ў мяне ў доме Давіда, цара Ізраілевага, бо сьвяты ён, таму што ўвайшоў у яго каўчэг Гасподні.
  • 12. Тады пачаў узносіць Саламон цэласпаленьні Госпаду на ахвярніку Гасподнім, які ён зладзіў перад бабінцам,
  • 13. каб па статуце кожнага дня прыносіць цэласпаленьні, паводле наказу Майсеевага, у суботы і на маладзіка і ў сьвяты тры разы ў год: у сьвята праснакоў і ў сьвята сяміц і ў сьвята кучак.
  • 14. І ўстанавіў ён, паводле распараджэньня Давіда, бацькі свайго, чэргі сьвятароў па службе іхняй і лявітаў па вартах іхніх, каб яны славасловілі і служылі пры сьвятарах па статуце кожнага дня, і брамнікаў па чэргах іхніх, да кожнае брамы, бо такі быў тастамант Давіда, чалавека Божага.
  • 15. І не адступаліся ад загадаў цара пра сьвятароў і лявітаў ні ў чым, ні ў адносінах скарбаў.
  • 16. Так зладжана была ўся дзея Саламона ад дня заснаваньня дома Гасподняга да поўнага завяршэньня яго - дома Гасподняга.
  • 17. Тады пайшоў Саламон у Эцыён-Гевэр і ў Элат, які на беразе мора, у зямлі Ідумэйскай.
  • 18. І прыслаў яму Хірам праз слуг сваіх караблі і рабоў, якія ведаюць мора, і выправіліся яны з слугамі Саламонавымі ў Афір, і здабылі адтуль чатырыста пяцьдзясят талантаў золата, і прывезьлі цару Саламону.