- 1. Калі дайшло да слыху Санавалата і Товіі і Гешэма Аравіцяніна і астатніх непрыяцеляў нашых, што я пабудаваў сьцяну, і не засталася ў ёй пашкодаў - зрэшты я да таго часу яшчэ ня ставіў дзьвярэй у браме,
- 2. тады прыслаў Санавалат і Гешэм да мяне сказаць: прыйдзі, і сыдземся ў адным зь сёлаў на раўніне Она. Яны намышлялі зрабіць мне благое.
- 3. Але я паслаў да іх паслоў сказаць: я заняты вялікай справай, не магу сысьці; справа спынілася б, калі б я пакінуў яе і сышоў да вас.
- 4. Чатыры разы прысылалі яны да мяне з такім самым запрашэньнем, і я адказваў ім тое самае.
- 5. Тады прыслаў да мяне Санавалат пяты раз свайго слугу, у якога ў руцэ было распячатанае пісьмо.
- 6. У ім было напісана: чутка носіцца ў народаў, і Гешэм кажа, быццам ты і Юдэі задумалі адпасьці, дзеля чаго і будуеш ты сьцяну і хочаш быць у іх царом, паводле тых самых чутак;
- 7. і прарокаў паставіў ты, каб яны абвяшчалі пра цябе ў Ерусаліме і казалі: цар Юдэйскі! І такія гаворкі дойдуць да цара. Дык вось, прыходзь, і параімся разам.
- 8. Але я паслаў да яго сказаць: нічога такога ня было, пра што ты кажаш; ты выдумаў гэта сваім розумам.
- 9. Бо ўсе яны палохалі нас, думаючы: апусьцяцца рукі іхнія ад справы гэтай, і яна не адбудзецца; але я тым болей умацаваў рукі мае.
- 10. Прыйшоў я ў дом Шэмаі, сына Дэлаі, сына Мэгетавэлавага, і ён замкнуўся і сказаў: пойдзем у дом Божы, усярэдзіну храма і замкнём за сабою дзьверы храма, бо прыйдуць забіць цябе, і прыйдуць забіць цябе ўначы.
- 11. Але я сказаў: ці можа ўцякаць такі чалавек, як я? Ці можа такі чалавек, як я, увайсьці ў храм, каб застацца жывым? Не пайду.
- 12. Я ведаў, што ня Бог паслаў яго, хоць і не па-прарочы казаў мне, але што Товія і Санавалат падкупілі яго.
- 13. Дзеля таго ён быў падкуплены, каб я спалохаўся і зрабіў так і зграшыў, і каб мелі пра мяне благую думку і перасьледавалі мяне за гэта дакорамі.
- 14. Спамяні, Божа мой, Товію і Санавалата па гэтых справах іхніх, а таксама прарочыцу Наадыю і іншых прарокаў, якія хацелі запалохаць мяне!
- 15. Сьцяна была закончана на дваццаць пятым дні месяца Элула, за пяцьдзясят два дні.
- 16. Калі пачулі пра гэта ўсе няпрыяцелі нашыя, і ўбачылі гэта ўсе народы, якія вакол нас, тады яны вельмі ўпалі ў вачах сваіх і спазналі, што гэта дзея зроблена Богам нашым.
- 17. Звыш таго ў тыя дні знакамітыя Юдэі многа пісалі лістоў, якія пасылаліся Товію, а лісты Товіі прыходзілі да іх.
- 18. Бо многія ў Юдэі былі ў клятвеным спрымірэнстве зь ім, бо ён быў зяць Шэханіі, сына Арахавага, а сын ягоны Ёханан узяў за сябе дачку Мэшулама, сына Вэрэхіі.
- 19. Нават пра дабрыню ягоную яны гаварылі пры мне, і мае словы пераносіліся да яго. Товія пасылаў лісты, каб запалохаць мяне.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Нээмiя > Глава 6