- 1. Я - раўнінны нарцыс Саронскі, я - лілея з даліны!
- 2. Як лілея сярод бадзякоў - каханая сярод сябровак!
- 3. Як яблыня сярод лясных дрэў - каханы мой сярод хлопцаў. У шатах яе люблю я сядзець, і плады зь яе рот мне салодзяць.
- 4. Увёў ён мяне ў дом піру, нада мной яго сьцяг - каханьне!
- 5. Падмацуйце мяне віном, яблыкамі асьвяжэце мяне, бо я зьнемагла ад каханьня.
- 6. Яго левая - пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае.
- 7. Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама!
- 8. Голас каханага майго! вось, ён ідзе, скача па горах, перабягае па ўзгорках, -
- 9. мілы падобны да сарны, да маладога аленя. Вось, ён стаіць у нас за сьцяною, заглядваючы ў акно, мільгаціць за рашоткай.
- 10. Каханы мой загаварыў да мяне: устань, мая любасная, мая гожая, выйдзі!
- 11. Вось, і зіма адышла; дождж перастаў, мінуўся;
- 12. кветкамі зацьвітае зямля, час песьняў птушыных настаў, і горлінка ў нашым краі засьпявала,
- 13. налівае смакоўніца пупышкі, вінаградныя лозы пахнуць у квецені. Устань, мая любасная, мая гожая выйдзі!
- 14. Горлінка ў горнай цясьніне, пад паветкаю скалаў! Пакажы мне свой тварык, дай мне пачуць твой галасок; бо твой голас - салодкі, бо мне тварык твой вабны!
- 15. Лавіце нам лісянятак і лісак лавіце, што мне вінаграднік марнуюць; а вінаграднікі ж нашыя ў цьвеце!
- 16. Каханы аддадзены мне, я - яму; ён пасьвіць сярод лілеяў.
- 17. Пакуль не астыў яшчэ дзень, не паслаліся цені, пасьпяшайся назад, як сарна, мой мілы, ці як алень малады на вышынях Бэтэр.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Песьня > Глава 2