- 1. О, няхай бы ты быў мне братам, маёй мацеркай узгадаваным, - сустракала б цябе за парогам і адкрыта цябе цалавала б, і ніхто мне асуды ня даў бы.
- 2. Прывяла б я цябе з сабою ў дом мацеркі роднай маёй. Ты вучыў бы мяне, я ж паіла б цябе духмяным віном і сокам з маіх гранатаў!
- 3. Яго левая - пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае.
- 4. Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: ня будзеце, ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама.
- 5. Хто там ідзе з пустэльні, абапершыся на каханага? Пад яблыняй я разбудзіў цябе: там цябе нарадзіла маці, там нарадзіла родная.
- 6. Пячаткай мяне пакладзі на сэрца сваё, пакладзі на рукі, як пярсьцёнак: бо каханьне, як сьмерць - моцнае; рэўнасьць, як пекла - лютая; стрэлы яго - стрэлы вогненныя; яно - полымя непагаснае.
- 7. Вялікія воды ня могуць любоў патушыць, і рэкі яе не затопяць. Калі б хто даваў багацьці дома свайго за любоў, іх адхілілі б з пагардай.
- 8. Ёсьць у нас сястрыца, малая сястрыца, яшчэ яна грудак ня мае; што рабіць нам зь сястрыцаю нашай, калі прыйдуць сваты да яе?
- 9. А калі б яна была сьцяною, мы яе ўмацавалі б срэбнымі зубцамі, калі б яна была дзьвярыма - мы іх ашалявалі б кедровымі дошкамі. Я - сьцяна, і грудзі мае - як вежы;
- 10. таму ён ува мне знойдзе апору.
- 11. Вінаграднік быў у Саламона ў Ваал-Хамоне: варце даверыў ён вінаграднік; кожны плаціў за плады тысячу срэбрам.
- 12. А мой вінаграднік пры мне. Хай тысяча будзе табе, Саламоне, а дзьвесьце - яго вартавым.
- 13. О жыхарка садоў! Сябры чуюць твой голас! Дай і мне паслухаць яго.
- 14. Бяжы, мой каханы; будзь да сарны падобны, да маладога аленя ў бальзамных горах!
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Песьня > Глава 8