- 1. Увайшоў я ў мой сад, сястрыца, нявеста, сабраў маёй міры з бальзамам, паеў сотаў зь мёдам маім, напіўся віна майго з малаком маім. Ежце, сяброве, пеце і наядайцеся, родныя!
- 2. Я сплю, а сэрца маё чувае; вось, голас каханага, які стукаецца: "Адчыні мне, сястрыца, каханая, мая беспахібная, чыстая горлінка, бо галава мая - абрасілася, мае кучары - ў начной вільгаці".
- 3. Я хітон свой зьняла - як жа зноў надзяваць мне яго?
- 4. Каханы прасунуў руку сваю ў дзьверы, маё цела зайшлося ад радасьці.
- 5. Устала я, каб адчыніць майму любаму, і з рук маіх капала міра, і з пальцаў маіх міра капала на клямку ў дзвярах.
- 6. Адчыніла каханаму я, а каханы пайшоў, не вярнуўся. Душа мая ўпала ад слоў ягоных; я шукала яго, не знайшла, я клікала - ён не азваўся.
- 7. Спаткалі мяне дазорцы, што абыходзілі горад; паранілі мяне, пабілі мяне; дазорцы сьцен гарадскіх сарвалі зь мяне маё покрыва.
- 8. Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: як сустрэнецца вам мой каханы, што яму скажаце вы? Скажэце, што я зьнемагла ад каханьня.
- 9. Чым мілейшы твой любы за іншых, прыгажуня з усіх прыгажунь? Чым любейшы твой мілы за іншых, што заклінаеш нас?
- 10. Каханы мой белы, румяны, з тысяч самы найлепшы.
- 11. Галава ў яго - чыстае золата; яго кучары - гронкі пальмавыя, чорныя, быццам вораны,
- 12. вочы ў яго - галубкі пры патоках вады, купаюцца ў малацэ, сядзяць у дагодзе,
- 13. шчокі ў яго, бы кветкі пахучых расьлін, духмяныя пахі, губы ў яго - лілеі, зь якіх цячэ міра;
- 14. рукі ў яго - жазлы залатыя, абсыпаныя тапазамі, жывот у яго - як выява з слановае косьці, абкладзеная сапфірамі,
- 15. ногі ў яго - слупы мармуровыя, пастаўленыя на залатыя апоры, абліччам каханы - Ліван, велічны, нібыта кедры.
- 16. Вусны ў яго - гэта слодыч, і ўвесь ён - уцеха! Вось хто мой мілы, вось хто мой сябар, Ерусалімскія дочкі!
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Песьня > Глава 5