- 1. Якаў, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, дванаццаці родам, якія ў расьсеяньні, - радавацца!
- 2. Зь вялікай радасьцю прымайце, браты мае, калі ўпадаеце ў розныя выпрабаваньні,
- 3. ведаючы, што выпрабаваньне вашай веры робіцца цярплівасьцю,
- 4. а цярплівасьць павінна мець дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалыя ва ўсёй паўнаце, бязь ніякай пахібы.
- 5. Калі ж каму-небудзь з вас не хапае мудрасьці, хай просіць у Бога, Які дае ўсім проста і без дакораў, - і дасца яму.
- 6. Але няхай просіць зь вераю, і зусім не сумняваецца, бо хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую гоніць і распырсквае вецер;
- 7. Хай не спадзяецца такі чалавек атрымаць што-небудзь ад Госпада.
- 8. Чалавек двудушны - ня цьвёрды на ўсіх шляхах сваіх.
- 9. Хай славіцца пакорлівы брат у высокасьці сваёй,
- 10. а багаты ў пакоры сваёй, бо ён мінецца, бы краска ў траве:
- 11. узыходзіць сонца, настае сьпёка, і высушвае траву, краска яе ападае, прападае хараство яе; так вяне і багаты ў шляхах сваіх.
- 12. Дабрашчасны чалавек, які вытрывае выпрабаваньне, бо пасьля выпрабаваньня ён атрымае вянок жыцьця, які паабяцаў Гасподзь тым, хто любіць Яго.
- 13. У выпрабаваньні ніхто хай ня кажа: "Бог мяне спакушае"; Бог бо не спакушаецца злом і сам не спакушае нікога,
- 14. а кожны спакушаецца, калі ваблены і наджаны сваім пажаданьнем;
- 15. а пажаданьне, зачаўшы, родзіць грэх, а ўчынены грэх родзіць сьмерць.
- 16. Не ашуквайце сябе, браты мае любасныя:
- 17. Усякае даньне добрае і ўсякі дар дасканалы зыходзіць згары, ад Айца сьвятла, у Якога няма перамены, ані ценю пераменнасьці.
- 18. Захацеўшы, спарадзіў Ён нас словам ісьціны, каб сталіся мы нейкім пачаткам Ягоных твораў.
- 19. Дык вось, браты мае любасныя, кожны чалавек няхай будзе борзды ў слуханьні, марудлівы ў словах, марудлівы ў гневе;
- 20. бо гнеў чалавечы ня творыць праўды Божай.
- 21. Таму, адклаўшы ўсялякую нячыстасьць і лішнюю злосьць, у пакоры прымеце пасеянае ў вас слова, якое можа ўратаваць вашы душы.
- 22. Будзьце ж выканаўцы слова, а не слухачы толькі, што ашукваюць самі сябе.
- 23. Бо хто слухае слова і ня выконвае, той падобны да чалавека, які разглядвае прыродныя рысы аблічча свайго ў люстры:
- 24. ён паглядзеў на сябе, адышоўся - і адразу забыўся, які ён ёсьць.
- 25. А хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні.
- 26. Калі ж хто з вас думае, што ён пабожны, і не таймуе свайго языка, а ашуквае сваё сэрца, у таго пустая пабожнасьць.
- 27. Чыстая і беспахібная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць тое, каб дагледзець сірот і ўдоваў у іхніх скрухах і захоўваць сябе неапаганенага сьветам.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Иакова > Глава 1