- 1. Браты мае! майце веру ў Ісуса Хрыста, нашага Госпада славы, бяз увагі на асобы.
- 2. Бо калі на сход ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у багатым убраньні, увойдзе і бедны ў гаротнай адзежы,
- 3. і вы глянеце на таго, хто ў багатым убраньні, і скажаце яму: табе трэба сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо: сядзь тут, каля ног маіх,
- 4. дык ці ня робіце розьніцы між сабою і ці ня робіцеся вы зламыснымі судзьдзямі?
- 5. Паслухайце, браты мае любасныя: ці ж ня бедных сьвету выбраў Бог быць багатымі вераю і спадчыньнікамі Царства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго?
- 6. а вы пагрэбавалі бедным. Ці не багатыя ўціскаюць вас, і ці ж не яны цягнуць вас у суды?
- 7. Ці не яны няславяць добрае імя, якім вы называецеся?
- 8. Калі вы выконваеце закон царскі, паводле Пісаньня: палюбі блізкага твайго, як сябе самога, - добра робіце.
- 9. Але калі робіце з аглядкаю на асобы, дык грэх чыніце, і перад законам вы злачынцы.
- 10. Хто выконвае ўвесь закон і згрэшыць у чым-небудзь адным, той робіцца вінаватым ва ўсім.
- 11. Бо Той, Хто сказаў: не распусьнічай, сказаў і: не забі; таму, калі ты не распусьнічаеш, але заб'еш, дык ты таксама адступнік ад закона.
- 12. Так гаварэце і так рабеце, як тыя, што маюць быць суджаныя згодна з законам свабоды.
- 13. Бо суд ня мецьме літасьці да таго, хто не літасьцівы; літасьць узьнесена над судом.
- 14. Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, а дзеяў ня мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго?
- 15. Калі брат альбо сястра безадзежныя і ня маюць на дзень пражытку,
- 16. а хто-небудзь з вас скажа ім: ідзеце зь мірам, грэйцеся і кармецеся, але ня дасьць ім патрэбнага целу: якая карысьць?
- 17. Гэтак і вера, калі ня мае дзеяў, мёртвая сама ў сабе.
- 18. А скажа хто-небудзь: ты маеш веру, а я маю дзеі: пакажы мне веру тваю бязь дзеяў тваіх, а я пакажу табе веру маю празь дзеі мае.
- 19. Ты верыш, што Бог адзіны: слушна робіш; і дэманы вераць, і трымцяць.
- 20. Але ці хочаш ведаць, марны чалавеча, што вера бязь дзеяў мёртвая?
- 21. Ці ж ня дзеямі апраўдаўся Абрагам, бацька наш, паклаўшы на ахвярнік Ісаака, сына свайго?
- 22. Ці бачыш, што вера спрыяла дзеям ягоным, і дзеямі вера дасягнула дасканаласьці.
- 23. І спраўдзілася слова Пісаньня: вераваў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць, і ён названы прыяцелем Божым.
- 24. Ці бачыце, што чалавек апраўдваецца дзеямі, а ня вераю толькі?
- 25. Гэтак сама і Рааў распусьніца ці ж ня дзеямі апраўдалася, прыняўшы выведнікаў і выпусьціўшы іх іншаю дарогаю?
- 26. Бо, як цела бяз духу мёртвае, так і вера бязь дзеяў мёртвая.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Иакова > Глава 2