• 1. Браты мае! ня многія рабецеся настаўнікамі, ведаючы, што мы тым большай асуды дастаём.
  • 2. бо ўсе мы шмат грэшым; хто ня грэшыць у слове, той чалавек дасканалы, ён можа ацугляць і ўсё цела.
  • 3. Вось, мы ўкладваем кілзы коням у храпу, каб яны пакорыліся нам, і ўсім целам іхнім кіруем.
  • 4. Вось, і караблі, хоць якія вялікія яны і хоць якімі моцнымі вятрамі гнаныя, невялікім стырном кіруюцца, куды хоча стырнік;
  • 5. гэтак сама і язык - невялікі чэлес, але многа робіць. Паглядзі, невялікі вагонь як многа рэчыва паліць;
  • 6. і язык - вагонь; як сьвет няпраўды; язык так пастаўлены сярод чэлесаў нашых, што апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцьця, і сам запальваецца ад геены;
  • 7. бо ўсякая прырода зьвяроў і птушак, плазуноў і марскіх жывёлін таймуецца і ўтаймавана прыродаю чалавечай,
  • 8. а язык утаймаваць ніхто зь людзей ня можа: гэта - неўтаймавальнае ліха; ён поўны сьмяротнай атруты.
  • 9. Ім дабраславім Бога і Айца, і ім праклінаем людзей, створаных у падабенстве да Бога.
  • 10. З тых самых вуснаў сыходзяць дабраславеньне і праклён; не павінна, браты мае, гэтак быць.
  • 11. Хіба цячэ з адных вуснаў крыніцы салодкая і горкая вада?
  • 12. Ня можа, браты мае, смакоўніца радзіць масьліны альбо вінаградная лаза смоквы; гэтак сама і адна крыніца ня можа выліваць салёную і салодкую ваду.
  • 13. Ці мудры і разумны хто з вас, дакажы гэта ў дзеях добрымі паводзінамі з мудрай пакораю.
  • 14. Але калі ў сэрцы вашым вы маеце горкую зайздрасьць і сварлівасьць, дык не хвалецеся і ня хлусеце на праўду:
  • 15. гэта бо ня мудрасьць, што згары прыходзіць, а зямная, плоцкая, дэманская;
  • 16. бо дзе зайздрасьць і зьвяга, там незлагадзь і ўсё ліхое.
  • 17. А мудрасьць, якая прыходзіць згары, найперш - чыстая, потым - згодлівая, лагодная, пакорлівая, поўная мілажальнасьці і добрых пладоў, неадступная, і некрывадушная.
  • 18. А плод праўды ў міры сеецца творцамі міру.