- 1. Адкуль у вас свары і раздоры? ці не адгэтуль, ад пажаданьняў вашых, што варагуюць у чэлесах вашых?
- 2. Хочаце - і ня маеце; забіваеце і зайздросьціце - і ня можаце дамагчыся; зводзіцеся і варагуеце - і ня маеце, бо ня просіце;
- 3. Просіце - і не атрымліваеце, бо просіце не на добрае, а каб ужыць на пажаданьні вашыя.
- 4. Пералюбнікі і пералюбніцы! ці ж ня ведаеце, што дружба са сьветам ёсьць варожасьць супраць Бога! Дык вось, хто хоча быць сябрам сьвету, той робіцца ворагам Богу.
- 5. Альбо вы думаеце, што дарэмна кажа Пісаньне: "да зайздры любіць дух, які жыве ў нас"?
- 6. Але тым большую дае мілату; таму і сказана: "Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату".
- 7. Дык вось, упакорцеся Богу; усупраціўцеся д'яблу, і ўцячэ ад вас;
- 8. да Бога наблізьцеся, і наблізіцца да вас; ачысьціце рукі, грэшнікі, папраўце сэрцы, двудушныя;
- 9. смуткуйце, плачце і галасеце: сьмех ваш няхай абернецца ў плач, а радасьць - у смутак.
- 10. Упакорцеся перад Госпадам, і ўзвысіць вас.
- 11. Не ліхаслоўце адзін аднаго, браты: хто ліхасловіць брата альбо судзіць брата свайго, той ліхасловіць і судзіць закон; а калі ты судзіш закон, дык ты не выканаўца закона, а судзьдзя.
- 12. Адзін Заканадаўца і Судзьдзя, Які можа і ўратаваць і загубіць: а ты хто, што судзіш іншага?
- 13. Цяпер паслухайце вы, што гаворыце: сёньня ці заўтра мы выправімся ў такі-а-такі горад і пражывём там адзін год, і будзем гандляваць і зарабляць;
- 14. вы, што ня ведаеце, што будзе заўтра: бо што такое жыцьцё ваша? пара, якая зьяўляецца на кароткі час, а потым зьнікае.
- 15. Замест таго, каб вам сказаць: як захоча Гасподзь і будзем жывыя, дык зробім тое ці іншае,
- 16. вы, у ганарыстасьці сваёй, славалюбнічаеце: усякае такое пустахвальства ёсьць зло.
- 17. Дык вось, хто ўмее рабіць дабро і ня робіць, на тым грэх.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Иакова > Глава 4