- 1. Адказваў Ёў Госпаду і сказаў:
- 2. ведаю, што Ты ўсё можаш, і што намер Твой ня можа быць спынены.
- 3. Хто гэты, што запамрочвае Наканаваньне, нічога не разумеючы? - Так, я казаў пра тое, чаго не разумеў, пра дзеі дзівосныя для мяне, якіх я ня ведаў.
- 4. Выслухай, усклікаў я, і я буду гаварыць, і пра што буду пытацца ў Цябе, растлумач мне.
- 5. Я чуў пра Цябе слыхам вуха; а цяпер мае вочы бачаць Цябе;
- 6. таму я выракаюся і каюся ў пыле і ў попеле.
- 7. І было пасьля таго, як Гасподзь сказаў словы тыя Ёву, сказаў Гасподзь Эліфазу Тэманіцяніну: гарыць гнеў Мой на цябе і на двух сяброў тваіх за тое, што вы гаварылі пра Мяне ня так правільна, як раб Мой Ёў.
- 8. Дык вось, вазьмеце сабе сем цялят і сем бараноў і ідзеце да раба Майго Ёва і прынясеце за сябе ахвяру; і раб Мой Ёў памоліцца за вас, бо толькі аблічча ягонае Я прыму, каб не адкінуць вас за тое, што вы казалі пра Мяне ня так правільна, як раб Мой Ёў.
- 9. І пайшлі Эліфаз Тэманіцянін і Вілдад Саўхэянін і Сатар Нааміцянін, і зрабілі так, як Гасподзь загадаў ім, - і Гасподзь прыняў аблічча Ёва.
- 10. І вярнуў Гасподзь страту Ёва, калі ён памаліўся за сяброў сваіх; і даў Гасподзь Ёву ўдвая больш за тое, што ён меў раней.
- 11. Тады прыйшлі да яго ўсе браты ягоныя і ўсе сёстры ягоныя і ўсе ранейшыя знаёмыя ягоныя, і елі зь ім хлеб у доме ягоным, і смуткавалі зь ім, і суцяшалі яго за ўсё ліха, якое Гасподзь навёў на яго і далі яму кожны па кесіце і па залатым пярсьцёнку.
- 12. І дабраславіў Бог апошнія дні Ёва болей, чым ранейшыя: у яго было чатырнаццаць тысяч дробнага быдла, шэсьць тысяч вярблюдаў, тысяча пар валоў і тысяча асьліц.
- 13. І было ў яго сем сыноў і тры дачкі.
- 14. І даў ён першай імя Эміма, імя другой - Касія, а імя трэцяй - Керэнгапух.
- 15. І ня было на цэлай зямлі такіх прыгожых жанчын, як Ёвавы дочкі, і даў ім бацька іхні спадчыну паміж братамі іхнімі.
- 16. Пасьля таго Ёў жыў сто сорак гадоў, і бачыў сыноў сваіх і сыноў сыноўніх да чацьвёртага роду.
- 17. І памёр Ёў у старасьці насычаны днямі.
Ничего нет для сопоставления.