- 1. Пакліч, калі ёсьць той, хто адкажа табе. Да каго зь сьвятых зьвернешся ты?
- 2. Так дурнога забівае гнеўлівасьць, і няцямнага губіць дражлівасьць.
- 3. Бачыў я, як дурны ўкараняецца, і адразу пракляў дом ягоны.
- 4. Дзеці ягоныя далёкія ад шчасьця, іх будуць біць каля брамы, і ня будзе заступніка.
- 5. Жніво ягонае зэесьць галодны і праз церне возьме яго, і спрагненыя праглынуць маёмасьць ягоную.
- 6. Так, ня з пылу выходзіць гора, і не зь зямлі вырастае бяда;
- 7. а чалавек нараджаецца на пакуту, як іскры, каб імкнуцца ўгору.
- 8. Але я да Бога зьвярнуўся б, аддаў бы дзею маю Богу,
- 9. Які творыць дзеі вялікія, бясконца дзівосныя,
- 10. дае дождж улоньню зямлі і пасылае воды на ўлоньне палёў;
- 11. прыніжаных ставіць на вышыню, і гаротнікаў узносіць у выратаваньне.
- 12. Ён разбурае намыслы хітрых, і рукі іхнія не давяршаюць пачатага.
- 13. Ён ловіць мудрацоў іхняй жа хітрасьцю, і рада хітрых робіцца марнай:
- 14. удзень яны сустракаюць цемру і аполудні ходзяць вобмацкам, як поначы.
- 15. Ён ратуе беднага ад меча, ад вуснаў іхніх і ад рукі моцнага.
- 16. І ёсьць надзея няшчаснаму, і няпраўда стуляе вусны свае.
- 17. Шчасны чалавек, якога наводзіць на розум Бог, і таму кары Ўсеўладнага не адхіляй,
- 18. бо Ён спрычыняе раны і Сам перавязвае іх; Ён б'е, і Ягоныя ж рукі ацаляюць.
- 19. У шасьці бедах ратуе цябе, і ў сёмай не кране цябе ліха.
- 20. У голад выбавіць цябе ад сьмерці, і на вайне - ад рукі меча.
- 21. Ад біча языка схаваеш сябе і не збаішся спусташэньня, калі яно прыйдзе.
- 22. Са спусташэньня і голаду пасьмяешся і зьвяроў зямлі не збаішся,
- 23. бо з камянямі польнымі ў цябе згода, і зьвяры польныя ў міры з табою.
- 24. І ўведаеш, што намёт твой у бясьпецы, і будзеш глядзець за домам тваім і ня згрэшыш.
- 25. І ўбачыш, што насеньне тваё безлічнае, і парасткі твае, як трава на зямлі.
- 26. Увойдзеш у магілу ў глыбокай старасьці, як укладваюцца снапы пшаніцы сваім часам.
- 27. Вось, што мы даведаліся; так яно і ёсьць; выслухай гэта і зазнач сабе.
Ничего нет для сопоставления.