- 1. І адказваў Валдад Саўхэянін і сказаў:
- 2. калі ж пакладзяце вы канец такім гаворкам? абдумайце і пасьля будзем гаварыць.
- 3. Навошта лічыцца нам жывёламі і быць прыніжанымі ў вачах вашых?
- 4. О ты, хто разьдзірае душу тваю ў гневе тваім? Няўжо дзеля цябе апусьцець зямлі, і скале зрушыцца зь месца свайго?
- 5. Так, сьвятло ў беззаконнага патухне, і не застанецца іскры ад агню ягонага.
- 6. Зацьміцца сьвятло ў намёце ягоным, і сьвяцільня ягоная патухне над ім.
- 7. Скароцяцца крокі магутнасьці ягонай, і скіне яго ўласны намысел ягоны,
- 8. бо ён улезе ў сетку сваімі нагамі і па нератах хадзіць будзе.
- 9. Пятля зашмаргне нагу ягоную, і грабежнік зловіць яго.
- 10. Непрыкметна раскладзены на зямлі сілкі на яго і пасткі на дарозе.
- 11. З усіх бакоў будуць палохаць яго жахі і прымушаць яго кідацца туды і сюды.
- 12. Зьмізарнее ад голаду сіла яго, і пагібель гатовая збоку ў яго.
- 13. Зьесьць чэлесы цела ягонага, зьесьць чэлесы ягоныя першынец сьмерці.
- 14. Выгнана будзе з намёта ягонага надзея ягоная, і гэта апусьціць яго да цара жахаў.
- 15. Паселяцца ў намёце ягоным, бо ён ужо не ягоны; жытло ягонае будзе пасыпана серкаю.
- 16. Зьнізу падсохнуць карані ягоныя, і зьверху завянуць галіны ягоныя.
- 17. Памяць пра яго зьнікне зь зямлі, і імя ягонага ня будзе на плошчы.
- 18. Прагоняць яго зь сьвятла ў цемру і сатруць яго з улоньня зямлі.
- 19. Ні сына ягонага, ні ўнука ня будзе ў народзе ягоным, і нікога не застанецца ў сялібах ягоных.
- 20. Днём ягоным зжахнуцца нашчадкі, і сучаснікі будуць агорнуты трымценьнем.
- 21. Такія жытлішчы ў беззаконнага, і такое месца ў таго, хто ня ведае Бога.
Ничего нет для сопоставления.