- 1. Вучэньне Асафава. Слухай, народзе мой, закону майго, прыхілеце вуха вашае да словаў з вуснаў маіх.
- 2. Разамкну мае вусны ў прытчы і вымаўлю старадаўнія прыпавесьці.
- 3. Што чулі мы і даведаліся і бацькі нашы нам пераказалі,
- 4. не схаваем ад дзяцей іхніх, і абвесьцім роду будучаму славу Госпада, і сілу Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён утварыў.
- 5. Ён устанавіў засьведчаньне ў Якаве і паклаў закон у Ізраілі, які наказаў бацькам нашым абвяшчаць дзецям іхнім,
- 6. каб ведаў будучы род, дзеці, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвяшчалі дзецям сваім,
- 7. класьці на Бога надзею сваю, і не забываць дзеяў Божых, і захоўваць наказы Ягоныя,
- 8. і ня быць падобным да бацькоў іхніх, роду ўпарцістага і мяцежнага, сэрцам неўладкаванага і нявернага Богу духам сваім.
- 9. Сыны Яфрэмавыя, узброеныя, лучнікі, павярнулі назад у дзень бітвы:
- 10. яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць у законе Ягоным:
- 11. забылі дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён нам паказаў.
- 12. Ён перад вачыма бацькоў іхніх тварыў цуды ў зямлі Егіпецкай, на полі Цаан.
- 13. Падзяліў мора і правёў іх празь яго, і паставіў воды сьцяною;
- 14. і ўдзень вёў іх вобмацкам, а ўначы сьвятлом вагню;
- 15. расьсек камень у пустыні, і напаіў іх, як зь вялікае бездані;
- 16. са скалы вывеў патокі, і пацяклі воды, як рэкі.
- 17. Але яны ўсё грашылі прад Ім і раздражнялі Ўсявышнага ў пустыні:
- 18. спакушалі Бога ў сэрцы сваім, патрабавалі ежы па душы сваёй,
- 19. і казалі супраць Бога, і сказалі: "ці можа Бог згатаваць трапезу ў пустыні?"
- 20. Вось, Ён ударыў па камені, і пацяклі воды, і паліліся ручаіны. "Ці можа Ён даць і хлеб, ці можа гатаваць мяса народу Свайму?"
- 21. Гасподзь пачуў, і ўспалымніўся гневам, і вагонь загарэўся на Якава, і гнеў падняўся супроць Ізраіля,
- 22. за тое, што ня верылі ў Бога і не спадзяваліся на ратваньне Ягонае.
- 23. Ён загадаў аблокам угары, і адчыніў дзьверы неба,
- 24. і пусьціў, быццам дождж, на іх манну ў ежу, і хлеб нябесны ім даў.
- 25. Хлеб анёльскі еў чалавек, паслаў Ён ім ежы ўдосыць.
- 26. Ён падняў на небе вецер усходні, і навёў паўднёвы сілаю Сваёю
- 27. і, як пыл, паслаў на іх мяса дажджом, і, як пясок марскі, птушак крылатых;
- 28. і кінуў іх сярод табара іхняга, каля жытлішчаў іхніх,
- 29. і яны елі і наеліся; і даў ім, чаго яны зажадалі.
- 30. Але яшчэ не прайшло хаценьне іхняе, яшчэ ежа была ў вуснах у іх,
- 31. гнеў Божы прыйшоў на іх, забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраілевых паваліў.
- 32. Пры ўсім гэтым яны ўсё ж грашылі далей, і ня верылі ў цуды Ягоныя.
- 33. І загубіў дні іхнія ў марнасьці і гады іхнія ў страху.
- 34. Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і з раніцы шукалі Бога,
- 35. і прыгадвалі, што Бог - іхняе прыстанішча і Бог Усявышні - Збаўца іхні,
- 36. і вуснамі сваімі лісьлівілі Яму, і языком сваім хлусілі прад Ім;
- 37. а сэрца іхняе нямоцна стаяла прад Ім, і ня былі яны верныя запавету Ягонаму.
- 38. Але Ён, Міласэрны, дараваў грэх і ня зьнішчаў іх; шматкроць адводзіў гнеў Свой і ня ятрыў лютасьці Сваёй.
- 39. Ён памятаў, што яны - цялесныя, дыханьне, якое выходзіць і ня вяртаецца.
- 40. Колькі разоў яны раздражнялі Яго ў пустыні і гневалі Яго ў краі неабжытым!
- 41. І зноў спакушалі Бога, і зьневажалі Сьвятога Ізраілевага,
- 42. не памяталі рукі Ягонай, дня, калі выбавіў іх ад прыгнёту,
- 43. калі аказаў у Егіпце азнакі Свае і цуды Свае на полі Цаан.
- 44. і ператварыў рэкі іхнія і патокі іхнія ў кроў, каб яны піць не маглі;
- 45. паслаў на іх заедзь, каб джаліла іх, і жаб, каб губілі іх;
- 46. парасьліну зямную іхнюю аддаў вусеням і працу іхнюю - саранчы;
- 47. вінаград іхні пабіў градам і шаўкоўніцы іхнія аддаў сьцюжы;
- 48. быдла іхняе аддаў граду і статкі іхнія - маланкам;
- 49. паслаў на іх полымя гневу Свайго, і абурэньне, і лютасьць і беды, пасольства ліхіх анёлаў;
- 50. Ён дарогу выпрастаў гневу Свайму, не ахоўваў іхніх душаў ад сьмерці, і быдла іхняе аддаў пошасьці;
- 51. пабіў кожнага першынца ў Егіпце, пачаткі сілаў у намётах Хамавых;
- 52. і павёў народ Свой, як авечак, пустыняю;
- 53. вёў іх бясьпечна, і яны не баяліся, а ворагаў іхніх пакрыла мора;
- 54. і прывёў іх у зямлю сьвятую Сваю, на гару гэтую, якую правіца Ягоная набыла.
- 55. Прагнаў ад аблічча іхняга народы, і зямлю іхнюю разьдзяліў у спадчыну ім, і плямёны Ізраілевыя пасяліў у намётах іхніх.
- 56. Але яны яшчэ спакушалі і засмучалі Бога Ўсявышняга, і пастановаў Ягоных ня трымаліся;
- 57. адступалі і здраджвалі, як бацькі іхнія; вярталіся назад, як падманлівы лук;
- 58. засмучалі Яго курганамі сваімі, ды ідаламі сваімі абуджалі зайздрасьць Ягоную.
- 59. Пачуў Бог, і ўспалымніўся гневам, і моцна абурыўся супроць Ізраіля;
- 60. пакінуў селішча ў Сіломе, скінію, у якой жыў Ён сярод людзей;
- 61. і аддаў у няволю Ён моцнасьць Сваю і славу Сваю ў рукі ворага;
- 62. і аддаў Ён мечу народ Свой, і прагневаўся на спадчыну Сваю.
- 63. Хлопцаў ягоных пажыраў вагонь, і дзяўчатам ягоным не сьпявалі шлюбных песьняў;
- 64. сьвятары ягоныя падалі ад меча, і ўдовы ягоныя ня плакалі.
- 65. Але быццам ад сну, абудзіўся Гасподзь, быццам волат, віном пераможаны,
- 66. і ўдарыў ворагам ягоным у тыл, і пасароміў іх навекі,
- 67. і адкінуў палатку Язэпаву, і роду Яфрэмавага не абраў.
- 68. а выбраў калена Юдава, гару Сіён, якую палюбіў,
- 69. і зладзіў, як неба, сьвятыню Сваю, і, як зямлю, угрунтаваў яе навечна,
- 70. і выбраў Давіда, раба Свайго, і ўзяў яго ад кашараў,
- 71. і ад даяроў прывёў яго пасьвіць народ свой, Якаваў, і спадчыну Сваю - Ізраіля.
- 72. І ён пасьвіў іх у чысьціні сэрца свайго, і рукамі мудрымі вадзіў іх.
Ничего нет для сопоставления.