Глава 77

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102
  • 1. Вучэньне Асафава. Слухай, народзе мой, закону майго, прыхілеце вуха вашае да словаў з вуснаў маіх.
  • 2. Разамкну мае вусны ў прытчы і вымаўлю старадаўнія прыпавесьці.
  • 3. Што чулі мы і даведаліся і бацькі нашы нам пераказалі,
  • 4. не схаваем ад дзяцей іхніх, і абвесьцім роду будучаму славу Госпада, і сілу Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён утварыў.
  • 5. Ён устанавіў засьведчаньне ў Якаве і паклаў закон у Ізраілі, які наказаў бацькам нашым абвяшчаць дзецям іхнім,
  • 6. каб ведаў будучы род, дзеці, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвяшчалі дзецям сваім,
  • 7. класьці на Бога надзею сваю, і не забываць дзеяў Божых, і захоўваць наказы Ягоныя,
  • 8. і ня быць падобным да бацькоў іхніх, роду ўпарцістага і мяцежнага, сэрцам неўладкаванага і нявернага Богу духам сваім.
  • 9. Сыны Яфрэмавыя, узброеныя, лучнікі, павярнулі назад у дзень бітвы:
  • 10. яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць у законе Ягоным:
  • 11. забылі дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён нам паказаў.
  • 12. Ён перад вачыма бацькоў іхніх тварыў цуды ў зямлі Егіпецкай, на полі Цаан.
  • 13. Падзяліў мора і правёў іх празь яго, і паставіў воды сьцяною;
  • 14. і ўдзень вёў іх вобмацкам, а ўначы сьвятлом вагню;
  • 15. расьсек камень у пустыні, і напаіў іх, як зь вялікае бездані;
  • 16. са скалы вывеў патокі, і пацяклі воды, як рэкі.
  • 17. Але яны ўсё грашылі прад Ім і раздражнялі Ўсявышнага ў пустыні:
  • 18. спакушалі Бога ў сэрцы сваім, патрабавалі ежы па душы сваёй,
  • 19. і казалі супраць Бога, і сказалі: "ці можа Бог згатаваць трапезу ў пустыні?"
  • 20. Вось, Ён ударыў па камені, і пацяклі воды, і паліліся ручаіны. "Ці можа Ён даць і хлеб, ці можа гатаваць мяса народу Свайму?"
  • 21. Гасподзь пачуў, і ўспалымніўся гневам, і вагонь загарэўся на Якава, і гнеў падняўся супроць Ізраіля,
  • 22. за тое, што ня верылі ў Бога і не спадзяваліся на ратваньне Ягонае.
  • 23. Ён загадаў аблокам угары, і адчыніў дзьверы неба,
  • 24. і пусьціў, быццам дождж, на іх манну ў ежу, і хлеб нябесны ім даў.
  • 25. Хлеб анёльскі еў чалавек, паслаў Ён ім ежы ўдосыць.
  • 26. Ён падняў на небе вецер усходні, і навёў паўднёвы сілаю Сваёю
  • 27. і, як пыл, паслаў на іх мяса дажджом, і, як пясок марскі, птушак крылатых;
  • 28. і кінуў іх сярод табара іхняга, каля жытлішчаў іхніх,
  • 29. і яны елі і наеліся; і даў ім, чаго яны зажадалі.
  • 30. Але яшчэ не прайшло хаценьне іхняе, яшчэ ежа была ў вуснах у іх,
  • 31. гнеў Божы прыйшоў на іх, забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраілевых паваліў.
  • 32. Пры ўсім гэтым яны ўсё ж грашылі далей, і ня верылі ў цуды Ягоныя.
  • 33. І загубіў дні іхнія ў марнасьці і гады іхнія ў страху.
  • 34. Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і з раніцы шукалі Бога,
  • 35. і прыгадвалі, што Бог - іхняе прыстанішча і Бог Усявышні - Збаўца іхні,
  • 36. і вуснамі сваімі лісьлівілі Яму, і языком сваім хлусілі прад Ім;
  • 37. а сэрца іхняе нямоцна стаяла прад Ім, і ня былі яны верныя запавету Ягонаму.
  • 38. Але Ён, Міласэрны, дараваў грэх і ня зьнішчаў іх; шматкроць адводзіў гнеў Свой і ня ятрыў лютасьці Сваёй.
  • 39. Ён памятаў, што яны - цялесныя, дыханьне, якое выходзіць і ня вяртаецца.
  • 40. Колькі разоў яны раздражнялі Яго ў пустыні і гневалі Яго ў краі неабжытым!
  • 41. І зноў спакушалі Бога, і зьневажалі Сьвятога Ізраілевага,
  • 42. не памяталі рукі Ягонай, дня, калі выбавіў іх ад прыгнёту,
  • 43. калі аказаў у Егіпце азнакі Свае і цуды Свае на полі Цаан.
  • 44. і ператварыў рэкі іхнія і патокі іхнія ў кроў, каб яны піць не маглі;
  • 45. паслаў на іх заедзь, каб джаліла іх, і жаб, каб губілі іх;
  • 46. парасьліну зямную іхнюю аддаў вусеням і працу іхнюю - саранчы;
  • 47. вінаград іхні пабіў градам і шаўкоўніцы іхнія аддаў сьцюжы;
  • 48. быдла іхняе аддаў граду і статкі іхнія - маланкам;
  • 49. паслаў на іх полымя гневу Свайго, і абурэньне, і лютасьць і беды, пасольства ліхіх анёлаў;
  • 50. Ён дарогу выпрастаў гневу Свайму, не ахоўваў іхніх душаў ад сьмерці, і быдла іхняе аддаў пошасьці;
  • 51. пабіў кожнага першынца ў Егіпце, пачаткі сілаў у намётах Хамавых;
  • 52. і павёў народ Свой, як авечак, пустыняю;
  • 53. вёў іх бясьпечна, і яны не баяліся, а ворагаў іхніх пакрыла мора;
  • 54. і прывёў іх у зямлю сьвятую Сваю, на гару гэтую, якую правіца Ягоная набыла.
  • 55. Прагнаў ад аблічча іхняга народы, і зямлю іхнюю разьдзяліў у спадчыну ім, і плямёны Ізраілевыя пасяліў у намётах іхніх.
  • 56. Але яны яшчэ спакушалі і засмучалі Бога Ўсявышняга, і пастановаў Ягоных ня трымаліся;
  • 57. адступалі і здраджвалі, як бацькі іхнія; вярталіся назад, як падманлівы лук;
  • 58. засмучалі Яго курганамі сваімі, ды ідаламі сваімі абуджалі зайздрасьць Ягоную.
  • 59. Пачуў Бог, і ўспалымніўся гневам, і моцна абурыўся супроць Ізраіля;
  • 60. пакінуў селішча ў Сіломе, скінію, у якой жыў Ён сярод людзей;
  • 61. і аддаў у няволю Ён моцнасьць Сваю і славу Сваю ў рукі ворага;
  • 62. і аддаў Ён мечу народ Свой, і прагневаўся на спадчыну Сваю.
  • 63. Хлопцаў ягоных пажыраў вагонь, і дзяўчатам ягоным не сьпявалі шлюбных песьняў;
  • 64. сьвятары ягоныя падалі ад меча, і ўдовы ягоныя ня плакалі.
  • 65. Але быццам ад сну, абудзіўся Гасподзь, быццам волат, віном пераможаны,
  • 66. і ўдарыў ворагам ягоным у тыл, і пасароміў іх навекі,
  • 67. і адкінуў палатку Язэпаву, і роду Яфрэмавага не абраў.
  • 68. а выбраў калена Юдава, гару Сіён, якую палюбіў,
  • 69. і зладзіў, як неба, сьвятыню Сваю, і, як зямлю, угрунтаваў яе навечна,
  • 70. і выбраў Давіда, раба Свайго, і ўзяў яго ад кашараў,
  • 71. і ад даяроў прывёў яго пасьвіць народ свой, Якаваў, і спадчыну Сваю - Ізраіля.
  • 72. І ён пасьвіў іх у чысьціні сэрца свайго, і рукамі мудрымі вадзіў іх.