- 1. Алілуя. Дабрашчасныя - беззаганныя ў дарозе, што ходзяць у законе Гасподнім.
- 2. Дабрашчасныя - хто прымае сьведчаньні Ягоныя, хто ўсім сэрцам шукае Яго!
- 3. Яны крыўды ня чыняць, ходзяць шляхамі Ягонымі.
- 4. Ты запавёў наказы Твае выконваць дакладна.
- 5. О, каб дарогі мае былі простыя да захаваньня Тваіх пастановаў!
- 6. Тады не пасаромеўся б я, гледзячы на ўсе Твае запаведзі;
- 7. шчырым сэрцам Я славіў бы Цябе, вучыўся б судам Тваёй праўды.
- 8. Буду трымацца Тваіх пастановаў; не пакідай мяне назусім.
- 9. Чым юнак утрымае свой шлях у чысьціні? - Калі будзе трымацца словаў Тваіх.
- 10. Цэлым сэрцам сваім я шукаю Цябе! ня дай мне збочыць ад запаведзяў Тваіх.
- 11. У сэрцы маім я схаваў слова Тваё, каб не грашыць прад Табою.
- 12. Дабраславёны Ты, Госпадзе! навучы мяне пастановам Тваім.
- 13. Вуснамі маімі абвяшчаў я ўсе суды Тваіх вуснаў.
- 14. На шляху Тваіх сьведчаньняў я радуюся, як у кожным багацьці.
- 15. Пра запаведзі Твае разважаю, і гляджу на шляхі Твае.
- 16. Пастановамі Тваімі суцяшаюся; не забываю слова Твайго.
- 17. Акажы ласку рабу Твайму, і буду я жыць і трымацца слова Твайго.
- 18. Разамкні вочы мае і пабачу дзівосы закона Твайго.
- 19. Прыхадзень я на зямлі; не хавай ад мяне запаведзяў Тваіх.
- 20. Зьнемагла душа мая ад жаданьня судоў Тваіх ва ўсялякі час.
- 21. Утаймаваў Ты пыхлівых, праклятых, што ўхіляюцца ад Тваіх запаведзяў.
- 22. Адвярні ад мяне зьнявагу і сорам, бо я захоўваю сьведчаньні Твае.
- 23. Князі сядзяць і змаўляюцца супраць мяне; а раб Твой разважае пра пастановы Твае.
- 24. Сьведчаньні Твае - суцяшэньне маё, і пастановы Твае - дарадцы мае.
- 25. Душа мая кінута ў пыл; ажыві мяне словам Тваім.
- 26. Абвясьціў я дарогі мае, і Ты пачуў мяне; навучы мяне пастановам Тваім.
- 27. Дай зразумець мне шлях загадаў Тваіх, і буду разважаць пра дзівосы Твае.
- 28. Душа мая растае ад журботы: умацуй мяне паводле слова Твайго.
- 29. Адвярні ад мяне дарогу маны, і закон Твой даруй мне.
- 30. Я выбраў дарогу праўды, паставіў перад сабою суды Твае.
- 31. Я прыляпіўся да сьведчаньняў Тваіх, Госпадзе; не пасаромі мяне.
- 32. Пацяку шляхам запаведзяў Тваіх, калі Ты расшырыш сэрца маё.
- 33. Пакажы мне, Госпадзе, шлях пастановаў Тваіх, і я буду трымацца яго да канца.
- 34. Дай мне зразумець, і буду трымацца закону Твайго і захоўваць яго ўсім сэрцам.
- 35. Пастаў мяне на сьцежку запаведзяў Тваіх, бо я жадаю яе.
- 36. Прыхілі маё сэрца да адкрыцьцяў Тваіх, а не да карысьлівасьці.
- 37. Адвядзі вочы мае, каб ня бачыць марноты; ажыві Ты мяне на дарозе Тваёй.
- 38. Сьцьвердзі слова Тваё рабу Твайму, каб багавейны я быў прад Табою.
- 39. Адвядзі ад мяне зьнявагу, якое баюся; бо суды Твае добрыя.
- 40. Вось, я пажадаў загадаў Тваіх; ажыві мяне праўдаю Тваёю.
- 41. Хай сыдзе на мяне, Госпадзе, міласьць Твая, выратаваньне паводле слова Твайго,
- 42. і я адкажу таму, хто мяне зьневажае, бо я спадзяюся на слова Тваё.
- 43. Не адбірай зусім ад вуснаў маіх слова праўды, бо я спадзяюся на суды Твае.
- 44. і буду трымацца суду Твайго заўсёды, на векі вечныя;
- 45. буду хадзіць свабодна, бо наказаў Тваіх я шукаю,
- 46. буду маўляць пра адкрыцьці Твае перад царамі, і не пасаромеюся;
- 47. буду суцяшацца запаведзямі Тваімі, якія я палюбіў;
- 48. рукі мае працягну да запаведзяў Тваіх, якія я палюбіў, і разважаць пра Твае пастановы.
- 49. Згадай слова Тваё да раба Твайго, на якое Ты загадаў мне спадзявацца:
- 50. гэта - суцяшэньне ў нягодзе маёй, што слова Тваё суцяшае мяне.
- 51. Гардуны зь мяне надта глуміліся, але я ня ўхіліўся ад закона Твайго.
- 52. Згадваў суды Твае, Госпадзе, зьвеку, і суцяшаўся.
- 53. Жах агартае мяне, калі бачу бязбожных, якія законы Твае пакідаюць.
- 54. Пастановы Твае былі песьнямі мне ў мясьцінах вандровак маіх.
- 55. Уначы ўспамінаў я імя Тваё, Госпадзе, і трымаўся закону Твайго.
- 56. Ён зрабіўся маім, бо загады Твае я шаную.
- 57. Доля мая, Госпадзе, сказаў я, трымацца слова Твайго.
- 58. Маліўся Табе я ўсім сэрцам: памілуй мяне паводле слова Твайго.
- 59. Разважаў пра шляхі мае, і павярнуў свае ногі да сьведчаньняў Тваіх.
- 60. Сьпяшаўся і не марудзіў выконваць запаведзі Твае.
- 61. Сеткі бязбожных акружылі мяне; але не забываў я закона Твайго.
- 62. Апоўначы падымаўся славіць Цябе за справядлівыя суды Твае.
- 63. Саўдзельнік я ўсім, хто баіцца Цябе і хто наказы Твае шануе.
- 64. Ласкаю Тваёй, Госпадзе, поўніцца ўся зямля; навучы мяне пастановам Тваім.
- 65. Добра зрабіў Ты рабу Твайму, Госпадзе, паводле слова Твайго.
- 66. Добраму разуменьню і веданьню навучы мяне, бо запаведзям Тваім я веру.
- 67. Пакуль я цярпеў, я блукаў; а сёньня слова Твайго трымаюся.
- 68. Добры і дабрадзейны Ты, Госпадзе; навучы мяне пастановам Тваім.
- 69. Гардуны плятуць на мяне ману; а я ўсім сэрцам загады Твае шанавацьму.
- 70. Затлусьцела ў іх сэрца, стала, як лой; а я законам Тваім суцяшаюся.
- 71. Добра мне, што я пацярпеў, каб навучыцца Тваім пастановам.
- 72. Закон Тваіх вуснаў мне лепей за тысячы золата і срэбра.
- 73. Рукі Твае стварылі мяне і збудавалі мяне; дай мне розуму і навучуся запаведзям Тваім.
- 74. Хто баіцца Цябе, убачаць мяне і парадуюцца, што я спадзяюся на слова Тваё.
- 75. Ведаю, Госпадзе, што суды Твае справядлівыя, і па справядлівасьці Ты пакараў мяне.
- 76. Хай жа міласьць Твая будзе мне ўцехаю паводле слова Твайго рабу Твайму.
- 77. Хай прыйдзе мне Твой мілажаль, і буду я жыць; бо закон Твой - суцяшэньне маё.
- 78. Хай пасаромлены будуць пыхлівыя, бо бязь віны прыгнятаюць мяне; я разважаю пра загады Твае.
- 79. Хай зьвернуцца да мяне тыя, што баяцца Цябе і ведаюць сьведчаньні Твае.
- 80. Хай будзе сэрца маё беззаганнае ў вуснах Тваіх, каб я не пасаромеўся!
- 81. Душа мая прападае па ратунку Тваім; спадзяюся на слова Тваё.
- 82. Прападаюць вочы мае па слове Тваім; я кажу: калі Ты суцешыш мяне?
- 83. Я зрабіўся, як мех у дыме; а пастановаў Тваіх не забыўся.
- 84. Колькі дзён у раба Твайго? Калі ўчыніш суд над маімі ганіцелямі?
- 85. Яму выкапалі мне гардзеі насуперак закону Твайму.
- 86. Усе запаведзі Твае - праўда; несправядліва перасьледуюць мяне; памажы мне.
- 87. Ледзьве не загубілі мяне на зямлі, але я не пакінуў загадаў Тваіх.
- 88. Па літасьці Тваёй ажыўляй мяне, і буду захоўваць сьведчаньні вуснаў Тваіх.
- 89. Навечна, Госпадзе, слова Тваё сьцьверджана на нябёсах;
- 90. праўда Твая з роду ў род. Ты паставіў зямлю, і стаіць яна.
- 91. Паводле Тваіх вызначэньняў усё стаіць і дагэтуль; бо ўсё служыць Табе.
- 92. Калі б не закон Твой быў суцяшэньнем маім, загінуў бы я ў нягодах маіх.
- 93. Вавек не забуду загадаў Тваіх, бо імі Ты ажыўляеш мяне.
- 94. Я Твой: уратуй мяне; бо я наказаў Тваіх шукаю.
- 95. Бязбожнікі пільнуюць мяне, каб загубіць; а я паглыбляюся ў адкрыцьці Твае.
- 96. Я бачыў мяжу дасканаласьці ўсякай; але Твая запаведзь надта шырокая.
- 97. Як люблю я закон Твой! увесь дзень пра яго разважаю.
- 98. Запаведзьдзю Тваёю Ты зрабіў мяне мудрэйшым за ворагаў маіх; бо яна заўсёды са мною.
- 99. Я стаўся разумнейшы за настаўнікаў маіх; бо разважаю пра сьведчаньні Твае.
- 100. Я ведаю болей за старцаў; бо загады Твае шаную.
- 101. Ад усякай ліхое дарогі ўхіляю ногі мае, каб трымацца слова Твайго;
- 102. ад судоў Тваіх ня ўхіляюся, бо Ты навучаеш мяне.
- 103. Якое салодкае слова Тваё майму паднябеньню! лепей за мёд вуснам маім.
- 104. Ад наказаў Тваіх я стаўся разумнейшы, таму ненавіджу любы шлях маны.
- 105. Слова Тваё - сьветач нагам маім і сьвятло сьцежцы маёй.
- 106. Я прысягнуў шанаваць справядлівыя суды Твае, і выканаю.
- 107. Моцна прыгнечаны я, Госпадзе; ажыві мяне паводле слова Твайго.
- 108. Хай будзе воля Твая, Госпадзе, прыняць дабраахвотную ахвяру вуснаў маіх, і судам Тваім навучы мяне.
- 109. Душа мая бесьперастанку ў руцэ маёй; але закона Твайго не забываю.
- 110. Бязбожнікі паставілі на мяне пастку; але я ня ўхіліўся ад загадаў Тваіх.
- 111. Сьведчаньні Твае я прыняў, як спадчыну вечную; бо яны злагада сэрца майго.
- 112. Я прыхіліўся сэрцам да выкананьня загадаў Тваіх навек, да канца.
- 113. Вымудры паняверныя ненавіджу, а закон Твой люблю.
- 114. Ты - маё покрыва і шчыт мой; на слова Тваё спадзяюся.
- 115. Адыдзеце ад мяне, беззаконныя, і буду захоўваць запаведзі Бога майго.
- 116. Умацуй мяне словам Тваім, і буду жыць; не пасаромі мяне ў надзеі маёй;
- 117. падтрымай мяне, і ўратуюся; і ў Твае пастановы ўдумвацца няспынна буду.
- 118. Усіх адступнікаў ад пастановаў Тваіх Ты скідаеш, бо вымудры іхнія - няпраўда.
- 119. Як шашаль, зьмятаеш Ты ўсіх бязбожных зь зямлі; таму палюбіў я адкрыцьці Твае.
- 120. Дрыжыць ад страху прад Табою цела маё, і судоў Тваіх баюся я.
- 121. Я чыніў суд і праўду; не аддавай мяне ганіцелям маім.
- 122. Даручы Ты на добрае раба Твайго, каб не прыгняталі мяне гардуны.
- 123. Растаюць мае вочы, чакаючы ратунку Твайго і слова праўды Тваёй.
- 124. Учыні рабу Твайму паводле ласкі Тваёй і пастановам Тваім навучы мяне.
- 125. Я раб Твой; дай розуму мне, і спазнаю адкрыцьці Твае.
- 126. Час настаў Госпаду дзейнічаць: закон Твой зьняважнілі.
- 127. А я люблю запаведзі Твае болей за золата, золата чыстае.
- 128. Усе загады Твае - усе прызнаю справядлівымі: усякі шлях маны ненавіджу.
- 129. Дзівосныя адкрыцьці Твае; таму іх трымае душа мая.
- 130. Сьведчаньне словаў Тваіх прасьвятляе, простым розум дае.
- 131. Размыкаю вусны мае, і ўздыхаю; бо запаведзяў Тваіх прагну.
- 132. Паглядзі на мяне і памілуй мяне, як робіш з тымі, што любяць імя Тваё.
- 133. Умацуй ногі мае ў слове Тваім, і ня дай авалодаць мною ніякаму беззаконьню;
- 134. вызвалі мяне ад прыгнёту чалавечага, і буду наказы Твае шанаваць.
- 135. Апрамень раба Твайго сьвятлом аблічча Твайго, і навучы мяне пастановам Тваім.
- 136. З вачэй маіх цякуць патокі вады, бо не шануюць закона Твайго.
- 137. Справядлівы Ты, Госпадзе, і суды Твае справядлівыя.
- 138. Сьведчаньні Твае, якія Ты запавядаў, - праўда і дасканалая ісьціна.
- 139. Руплівасьць мая зьядае мяне, бо мае ворагі забылі словы Твае.
- 140. Слова Тваё вельмі чыстае, і раб Твой палюбіў яго.
- 141. Малы я і пагарджаны; але наказаў Тваіх не забываю.
- 142. Праўда Твая - праўда вечная, а закон Твой - ісьціна.
- 143. Скруха і гора мяне агарнулі; запаведзі Твае - суцяшэньне маё.
- 144. Праўда адкрыцьцяў Тваіх - вечная: дай мне розуму, і буду жыць.
- 145. Клічу ўсім сэрцам маім: пачуй мяне, Госпадзе; і захаваю Твае пастановы.
- 146. Заклікаю Цябе; уратуй мяне, і буду захоўваць адкрыцьці Твае.
- 147. Сустракаючы ранак, я заклікаю; на слова Тваё спадзяюся.
- 148. Вочы мае сустракаюць ранішнюю варту, каб мне заглыбляцца ў слова Тваё.
- 149. Пачуй голас мой зь міласьці Тваёй, Госпадзе; судом Тваім ажыві мяне.
- 150. Наблізіліся тыя, што намышляюць хітрыну; далёка яны ад закона Твайго.
- 151. Блізкі Ты, Госпадзе, і ўсе запаведзі Твае - ісьціна.
- 152. Здаўна Я даведаўся пра сьведчаньні Твае, што Ты сьцьвердзіў іх навечна.
- 153. Паглядзі на нягоды мае, і вызваль мяне; бо я не забываю закона Твайго.
- 154. Заступіся за справу маю, і абарані мяне; словам Тваім ажыві мяне.
- 155. Далёка ад бязбожных выратаваньне, бо яны пастановаў Тваіх ня шукаюць.
- 156. Многа шчадротаў Тваіх, Госпадзе; судом Тваім ажыві мяне.
- 157. Многа ў мяне ганіцеляў і ворагаў; але ад сьведчаньняў Тваіх не адступлюся.
- 158. Бачу адступнікаў, і брыджуся імі; бо яны не шануюць слова Твайго.
- 159. Падзівіся, як я люблю наказы Твае; міласьцю Тваёю, Госпадзе, ажыві мяне.
- 160. Аснова слова Твайго сапраўдная, і вечны ўсякі суд праўды Тваёй.
- 161. Князі перасьледуюць мяне бязьвінна; але сэрца маё баіцца слова Твайго.
- 162. Радуюся я слову Твайму, як той, хто вялікі дастак прыдбаў.
- 163. Ненавіджу ману і грэбую ёю; а закон Твой люблю.
- 164. Сямікроць на дзень праслаўляю Цябе за суды праўды Тваёй.
- 165. Вялікі мір у тых, што любяць закон Твой, і не спатыкаюцца яны.
- 166. Спадзяюся на выратаваньне Тваё, Госпадзе, і запаведзі Твае выконваю.
- 167. Душа мая песьціць сьведчаньні Твае, і я люблю іх моцна.
- 168. Шаную наказы Твае і адкрыцьці Твае; бо ўсе шляхі мае прад Табою.
- 169. Хай наблізіцца енк мой прад аблічча Тваё, Госпадзе; словам Тваім дай мне розум.
- 170. Хай прыйдзе маленьне маё прад аблічча Тваё, словам Тваім збаві мяне.
- 171. Вусны мае вымавяць славу, калі Ты навучыш мяне пастановам Тваім.
- 172. Язык мой абвесьціць слова Тваё; бо ўсе запаведзі Твае справядлівыя.
- 173. Хай будзе рука Твая дапамогаю мне; бо я выбраў Твае загады.
- 174. Прагну выратаваньня Твайго, Госпадзе, і закон Твой суцяшэньне маё.
- 175. Хай жыве душа мая і славіць Цябе, і суды Твае хай дапамогуць мне.
- 176. Я заблудзіўся, як авечка, згубленая: знайдзі раба Твайго; бо я запаведзяў Тваіх не забыўся.
Ничего нет для сопоставления.