- 1. Слова Эклезіяста, сына Давідавага, цара ў Ерусаліме.
- 2. Пустая марнасьць сказаў Эклезіяст, пустая марнасьць, - усё марнасьць!
- 3. Якая карысьць чалавеку ад усёй працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам?
- 4. Пакаленьне прыходзіць, і пакаленьне праходзіць, а зямля векавечна стаіць.
- 5. Сонца ўзыходзіць, і сонца заходзіць і сьпяшаецца ў месца сваё, дзе ўстае.
- 6. Вее вецер на поўдзень і на поўнач вяртаецца, віруе, віхурыцца веючы, і на шлях віраваньня вяртаецца вецер.
- 7. Рэкі ўсе ў мора плывуць, а мора не перапаўняецца; да месца таго, адкуль рэкі плывуць, вяртаюцца зноў, каб далей пацячы.
- 8. Усё існае - поўніцца працай; ня можа ўсяго чалавек пакласьці на словы: не насыціцца бачаньнем вока; не напоўніцца слуханьнем вуха.
- 9. Што было, тое і будзе; што рабілася, тое й рабіцьмецца, і нічога новага пад сонцам няма.
- 10. Бывае такое, пра што людзі кажуць: "Дзівіся, вось гэта новае"; але яно ўжо было спрадвеку, да нас.
- 11. Няма памяці пра былое; ды і пра тое, што будзе, не застанецца згадкі між тымі, што прыйдуць пасьля.
- 12. Я, Эклезіяст, быў царом над Ізраілем у Ерусаліме.
- 13. І паклаў я на сэрца помысел мой, каб шукаць і дасьледаваць мудрасьцю ўсё, што пад небам робіцца: гэты прыкры занятак даў Бог сынам чалавечым, каб кіраваліся ім.
- 14. Я ўсе дзеі пабачыў, якія пад сонцам чыняцца, і вось, усё - марнасьць і пагоня за ветрам!
- 15. Крывое ня выпрастаецца, і чаго няма, таго нельга зьлічыць.
- 16. Гаварыў я з сэрцам маім і сказаў: вось, узьвялічыўся я і здабыў мудрасьці болей за ўсіх, што былі да мяне над Ерусалімам, і сэрца маё шмат нагледзела мудрасьці ўсякай і ведаў.
- 17. І паклаў я на сэрца помысел мой, каб мудрасьць уведаць, спасьцігнуць шаленства і неразумнасьць; спазнаў, што і гэта - пагоня за ветрам.
- 18. Бо пры многасьці мудрасьці множыцца й скруха; і хто памнажае спазнаньне, той памнажае і боль.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Экклезiяст > Глава 1