- 1. І памятай Творцу твайго ў дні юнацтва твайго, пакуль ня прыйшлі цяжкія дні і гады не насталі, пра якія ты будзеш казаць: "няма мне ад іх асалоды!",
- 2. пакуль не патухлі сонца, і сьвятло, і месяц, і зоркі і не насунуліся новыя хмары пасьля дажджу.
- 3. У той дзень, калі задрыжаць тыя, што дом ацаляюць, і сагнуцца мужы сілы; і перастануць малоць тыя, што мелюць, бо няшмат ужо іх засталося; і зацьмяцца тыя, якія глядзяць у акно;
- 4. і замыкацца будуць дзьверы на двор; калі аціхне гул жорнаў, і будзе ўставаць чалавек на пеўнеў крык, і замоўкнуць дочкі пяяньня;
- 5. і вышыні іх будуць палохаць, і на дарозе жахі; і міндаль зацьвіце, і ў траве зьнярухомее конік, і рассыплецца каперс, - бо адыходзіць чалавек у вечны свой дом, і гатовыя абступіць яго плакальшчыцы на дарозе;
- 6. пакуль не парваўся срэбраны ланцужок, і не разьбілася залатая чаша, і не разьбіўся збанок ля крыніцы, і не абвалілася кола над студняй.
- 7. І вернецца тло ў зямлю, чым і было яно; і вернецца дух да Бога, Які даў яго.
- 8. Наймарнейшая марнасьць, сказаў Эклезіяст, усё - марнасьць!
- 9. Акрамя таго, што Эклезіяст быў мудры, ён вучыў яшчэ народ ведам. Ён усё выпрабоўваў, дасьледаваў і склаў многа выслоўяў.
- 10. Стараўся Эклезіяст вышукваць зграбныя выслоўі і словы праўды напісаў слушна.
- 11. Словы мудрых - што іголкі, як убітыя цьвікі, і складальнікі іх - ад адзінага пастыра.
- 12. А што звыш усяго гэтага, сыне мой, таго асьцерагайся: складаць многа кніг - канца ім ня будзе, і многа чытаць - стамляецца цела.
- 13. Выслухаем сутнасьць усяго: бойся Бога і запаведзяў Ягоных трымайся, бо чалавеку ў гэтым - усё.
- 14. Бо ўсякі ўчынак Бог прывядзе на суд і ўсё таемнае, ці яно добрае, а ці благое.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Экклезiяст > Глава 12