- 1. Мёртвыя мухі псуюць і смуродзяць пахучую масьць міраварніцы, тое самае робіць малая дурнота шаноўнага чалавека зь яго мудрасьцю й гонарам.
- 2. Сэрца мудрага - праваруч, а сэрца бязглуздага - леваруч.
- 3. І па дарозе, калі дурань ідзе, не стае яму глузду, і кожнаму пакажа, што ён дурны.
- 4. Калі ўспыхне начальніцкі гнеў на цябе, не пакідай свайго месца; бо рахманасьць даводзіць да дараваньня вялікіх правінаў.
- 5. Ёсьць зло, якое бачыў я пад сонцам, падобнае да памылкі, якая ад валадара паўстала:
- 6. на вялікіх вышынях, бывае, сядзіць дурнота, а багатыя нізка садзяцца;
- 7. бачыў я конных рабоў, а князёў, што пеша, нібы рабы, хадзілі.
- 8. Хто яму капае, той у яе і ўпадзе, і хто разбурае агароджу, таго ўкусіць зьмяя.
- 9. Хто зносіць каменьне, той можа сябе надсадзіць, і хто коле дровы, той мае пагрозу ад іх.
- 10. Калі прытупляецца сякера і хтось ляза не навострыць, шмат намогі дадаць давядзецца; перавага плённае дзеі - мудрасьць.
- 11. Калі гадзіна ўкусіць без заклінаньня, дык ня лепшы за яе і злоязыкі.
- 12. Слова з вуснаў мудрага - мілата, а вусны дурнога яго ж і нішчаць:
- 13. пачатак слоў зь яго вуснаў - глупства, а канец яго казані з вуснаў - шаленства.
- 14. Дурны шмат чаго нагаворыць, хоць ня ведае чалавек, што будзе, і хто скажа яму, што пасьля яго станецца?
- 15. Праца дурнога стамляе яго, бо ён і ня ведае нават дарогі да горада.
- 16. Гора табе, зямля, калі цар твой - дзіця і калі ўладыкі твае ядуць рана!
- 17. Шчасьце табе, зямля, калі цар твой з высокага роду і ўладыкі твае ядуць у назначаны час, каб мацавацца, а не разьядацца!
- 18. Ад гультайства і столь прасядае; і як апусьцяцца рукі, дык дом пацячэ.
- 19. Гасьціны спраўляюць для асалоды, і віно зьвесяляе жыцьцё; а за ўсё адказвае срэбра.
- 20. Нават і ў думках тваіх не ліхаслові цара, і ў спальні тваёй не ліхаслові багатага; бо і птушка нябесная можа словы твае перанесьці, а крылатая - казань тваю пераказаць.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Экклезiяст > Глава 10