Глава 5

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42
  • 1. Пакліч, калі ёсьць той, хто адкажа табе. Да каго зь сьвятых зьвернешся ты?
  • 2. Так дурнога забівае гнеўлівасьць, і няцямнага губіць дражлівасьць.
  • 3. Бачыў я, як дурны ўкараняецца, і адразу пракляў дом ягоны.
  • 4. Дзеці ягоныя далёкія ад шчасьця, іх будуць біць каля брамы, і ня будзе заступніка.
  • 5. Жніво ягонае зэесьць галодны і праз церне возьме яго, і спрагненыя праглынуць маёмасьць ягоную.
  • 6. Так, ня з пылу выходзіць гора, і не зь зямлі вырастае бяда;
  • 7. а чалавек нараджаецца на пакуту, як іскры, каб імкнуцца ўгору.
  • 8. Але я да Бога зьвярнуўся б, аддаў бы дзею маю Богу,
  • 9. Які творыць дзеі вялікія, бясконца дзівосныя,
  • 10. дае дождж улоньню зямлі і пасылае воды на ўлоньне палёў;
  • 11. прыніжаных ставіць на вышыню, і гаротнікаў узносіць у выратаваньне.
  • 12. Ён разбурае намыслы хітрых, і рукі іхнія не давяршаюць пачатага.
  • 13. Ён ловіць мудрацоў іхняй жа хітрасьцю, і рада хітрых робіцца марнай:
  • 14. удзень яны сустракаюць цемру і аполудні ходзяць вобмацкам, як поначы.
  • 15. Ён ратуе беднага ад меча, ад вуснаў іхніх і ад рукі моцнага.
  • 16. І ёсьць надзея няшчаснаму, і няпраўда стуляе вусны свае.
  • 17. Шчасны чалавек, якога наводзіць на розум Бог, і таму кары Ўсеўладнага не адхіляй,
  • 18. бо Ён спрычыняе раны і Сам перавязвае іх; Ён б'е, і Ягоныя ж рукі ацаляюць.
  • 19. У шасьці бедах ратуе цябе, і ў сёмай не кране цябе ліха.
  • 20. У голад выбавіць цябе ад сьмерці, і на вайне - ад рукі меча.
  • 21. Ад біча языка схаваеш сябе і не збаішся спусташэньня, калі яно прыйдзе.
  • 22. Са спусташэньня і голаду пасьмяешся і зьвяроў зямлі не збаішся,
  • 23. бо з камянямі польнымі ў цябе згода, і зьвяры польныя ў міры з табою.
  • 24. І ўведаеш, што намёт твой у бясьпецы, і будзеш глядзець за домам тваім і ня згрэшыш.
  • 25. І ўбачыш, што насеньне тваё безлічнае, і парасткі твае, як трава на зямлі.
  • 26. Увойдзеш у магілу ў глыбокай старасьці, як укладваюцца снапы пшаніцы сваім часам.
  • 27. Вось, што мы даведаліся; так яно і ёсьць; выслухай гэта і зазнач сабе.