Глава 18

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42
  • 1. І адказваў Валдад Саўхэянін і сказаў:
  • 2. калі ж пакладзяце вы канец такім гаворкам? абдумайце і пасьля будзем гаварыць.
  • 3. Навошта лічыцца нам жывёламі і быць прыніжанымі ў вачах вашых?
  • 4. О ты, хто разьдзірае душу тваю ў гневе тваім? Няўжо дзеля цябе апусьцець зямлі, і скале зрушыцца зь месца свайго?
  • 5. Так, сьвятло ў беззаконнага патухне, і не застанецца іскры ад агню ягонага.
  • 6. Зацьміцца сьвятло ў намёце ягоным, і сьвяцільня ягоная патухне над ім.
  • 7. Скароцяцца крокі магутнасьці ягонай, і скіне яго ўласны намысел ягоны,
  • 8. бо ён улезе ў сетку сваімі нагамі і па нератах хадзіць будзе.
  • 9. Пятля зашмаргне нагу ягоную, і грабежнік зловіць яго.
  • 10. Непрыкметна раскладзены на зямлі сілкі на яго і пасткі на дарозе.
  • 11. З усіх бакоў будуць палохаць яго жахі і прымушаць яго кідацца туды і сюды.
  • 12. Зьмізарнее ад голаду сіла яго, і пагібель гатовая збоку ў яго.
  • 13. Зьесьць чэлесы цела ягонага, зьесьць чэлесы ягоныя першынец сьмерці.
  • 14. Выгнана будзе з намёта ягонага надзея ягоная, і гэта апусьціць яго да цара жахаў.
  • 15. Паселяцца ў намёце ягоным, бо ён ужо не ягоны; жытло ягонае будзе пасыпана серкаю.
  • 16. Зьнізу падсохнуць карані ягоныя, і зьверху завянуць галіны ягоныя.
  • 17. Памяць пра яго зьнікне зь зямлі, і імя ягонага ня будзе на плошчы.
  • 18. Прагоняць яго зь сьвятла ў цемру і сатруць яго з улоньня зямлі.
  • 19. Ні сына ягонага, ні ўнука ня будзе ў народзе ягоным, і нікога не застанецца ў сялібах ягоных.
  • 20. Днём ягоным зжахнуцца нашчадкі, і сучаснікі будуць агорнуты трымценьнем.
  • 21. Такія жытлішчы ў беззаконнага, і такое месца ў таго, хто ня ведае Бога.