- 1. Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Госпадзе! Ты выпрабаваў мяне і ведаеш.
- 2. Ты ведаеш, калі я сядаю і калі ўстаю; Ты разумееш думкі мае здалёк.
- 3. Ці іду я, ці адпачываю, - Ты акружаеш мяне і ўсе дарогі мае Табе вядомыя.
- 4. Яшчэ слова няма на мове маёй, - Ты, Госпадзе, ужо ведаеш яго дасканала.
- 5. Ззаду і сьпераду атачыў Ты мяне і кладзеш на мяне руку Тваю.
- 6. Дзіўнае мне Тваё веданьне - высока, дасягнуць яго не магу!
- 7. Куды пайду ад Духа Твайго, ад аблічча Твайго куды ўцяку?
- 8. Ці на неба ўзыду - Ты там; ці сыду ў апраметную - і там Ты.
- 9. Ці вазьму крылы золку і перасялюся на край мора, -
- 10. і там рука Твая мяне павядзе, і ўтрымае мяне правіца Твая.
- 11. Ці скажу: можа, цемра ўкрые мяне, і сьвятло навокал мяне зробіцца ноччу;
- 12. але і цемра Цябе ад мяне не зацемрыць, і ноч сьветлая, быццам дзень; як цемра, так і сьвятло.
- 13. Бо Ты ўладзіў вантробы мае і выткаў мяне ў чэраве маці маёй.
- 14. Слаўлю Цябе, бо я дзівосна зладжаны. Дзівосныя дзеі Твае, і душа мая ўсьведамляе гэта,
- 15. Не схаваны былі ад Цябе косткі мае, калі мяне ў таямніцы стваралі, складалі мяне ў глыбіні нутрыны.
- 16. Зародак мой бачылі вочы Твае; у Тваёй кнізе запісаны ўсе дні, мне назначаныя, калі ніводнага зь іх яшчэ ня было.
- 17. Якія ўзьнёслыя для мяне намеры Твае, Божа, і як многа іх лікам!
- 18. Ці ж палічу іх, калі іх больш, чым пяску, калі прачынаюся, я ўсё Яшчэ з Табою.
- 19. О, калі б Ты, Божа, пабіў бязбожнага! Адыдзеце ад мяне, крыважэрныя!
- 20. Яны гавораць супроць Цябе бязбожна; марнае намышляюць ворагі Твае.
- 21. Ці ж мне ненавідзець Тваіх ненавісьнікаў, Госпадзе, і не пагрэбаваць тымі, што паўстаюць на Цябе?
- 22. Поўнаю нянавісьцю ненавіджу іх; ворагі яны мне.
- 23. Выпрабуй мяне, Божа, і ўведай сэрца маё; выпрабуй мяне, і ўведай намеры мае.
- 24. і глядзі, ці дарога мая бясьпечная, і накіруй мяне на шлях вечны.
Ничего нет для сопоставления.