- 1. І сталася, калі закончыў Ісус настаўленьні дванаццаці вучням Сваім, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у гарадах іхніх.
- 2. А Ян, пачуўшы ў цямніцы пра дзеі Хрыстовыя, паслаў двух вучняў сваіх
- 3. сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?
- 4. І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што чуеце і бачыце:
- 5. сьляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогія зьвястуюць,
- 6. і дабрашчасны той, хто не спакусіцца празь Мяне.
- 7. Калі ж пайшлі яны, Ісус пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую?
- 8. Што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? тыя, што носяць мяккія шаты, жывуць у харомах царскіх.
- 9. Што ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым прарока.
- 10. Бо ён той, пра якога напісана: "вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою".
- 11. Праўду кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Нябесным большы за яго.
- 12. Ад дзён жа Яна Хрысьціцеля да сёньня Царства Нябеснае дасягаецца сілаю, і тыя, што руплівасьць ужываюць, здабываюць яго;
- 13. бо ўсе прарокі і закон прадвясьцілі да Яна.
- 14. І калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, які мае прыйсьці.
- 15. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.
- 16. Да каго ж прыпадобню род гэты? Падобны ён да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, зьвяртаючыся да сваіх сяброў,
- 17. кажуць: "мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі".
- 18. Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п'е; і кажуць: "у ім дэман".
- 19. Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п'е; і кажуць: "вось, чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў". І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе.
- 20. Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш праявіліся сілы Яго, бо яны не пакаяліся.
- 21. Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо калі б у Тыры і Сідоне явіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны ў вярэце і ў попеле пакаяліся;
- 22. але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень судны, чым вам.
- 23. І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся; бо калі б у Садоме явіліся сілы, яўленыя ў табе, дык ён прастаяў бы па сёньняшні дзень;
- 24. але кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, чым табе.
- 25. Тым часам, далей прамаўляючы, Ісус сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў тое дзецям;
- 26. так, Войча! бо такое было Тваё ўпадабаньне.
- 27. Усё Мне перададзена Айцом Маім, і ніхто ня ведае Сына, толькі Айцец; і Айца ня ведае ніхто, толькі Сын, і каму Сын хоча адкрыць.
- 28. Прыйдзеце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас;
- 29. вазьмеце ярмо Маё на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам; і знойдзеце спакой душам вашым;
- 30. бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі.
Ничего нет для сопоставления.