Глава 5

  • Закрыть сопоставления
  • 1. І прыплылі на другі бераг мора ў краіну Гадарынскую.
  • 2. І калі выйшаў Ён з лодкі,
    адразу ж сустрэў Яго чалавек з магільных пячораў у духу нячыстым,
  • 3. які меў жытло ў магілах,
    і нават ланцугом ніхто не мог звязаць яго;
  • 4. бо шмат разоў яго звязвалі аковамі і ланцугамі,
    але ён разрываў ланцугі і разбіваў аковы,
    і ніхто не мог яго ўтаймаваць;
  • 5. і заўсёды, ноччу і днём, у магільных пячорах і ў гарах
    крычаў ён і біўся аб каменне.
  • 6. А ўбачыўшы здалёк Іісуса,
    прыбег і пакланіўся Яму.
  • 7. І, закрычаўшы моцным голасам, сказаў:
    што Табе да мяне, Іісусе, Сыне Бога Ўсявышняга?
    заклінаю Цябе Богам, не муч мяне!
  • 8. Бо Іісус сказаў яму:
    выйдзі, дух нячысты, з чалавека.
  • 9. І пытаўся ў яго: як імя тваё?
    І той адказаў: легіён маё імя, бо многа нас.
  • 10. І вельмі прасілі Яго,
    каб не адсылаў іх прэч з краіны той.
  • 11. А там пры гары пасвіўся вялікі статак свіней.
  • 12. І прасілі Яго ўсе дэманы, кажучы:
    пашлі нас у свіней, каб нам увайсці ў іх.
  • 13. І адразу дазволіў ім Іісус.
    І, выйшаўшы, нячыстыя духі ўвайшлі ў свіней;
    і рынуўся статак з кручы ў мора,
    а іх было каля дзвюх тысяч;
    і патанулі ў моры.
  • 14. А іх пастухі
    пабеглі ды абвясцілі ў горадзе і ў вёсках.
    І людзі выйшлі пабачыць, што здарылася.
  • 15. Прыходзяць да Іісуса і бачаць,
    што апантаны, у якім быў легіён,
    сядзіць адзеты і пры розуме;
    і спалохаліся.
  • 16. Тыя, хто бачыў, расказалі ім:
    як гэта адбылося з апантаным,
    і пра свіней.
  • 17. І пачалі прасіць Яго адыйсці з межаў іх.
  • 18. І калі Ён увайшоў у лодку,
    той, што быў апантаны, прасіў Яго, каб быць з Ім.
  • 19. А Іісус не дазволіў яму і кажа да яго:
    ідзі ў дом твой да сваіх
    і раскажы ім, што зрабіў табе Гасподзь
    і як памілаваў цябе.
  • 20. І пайшоў,
    і пачаў абвяшчаць у Дзесяцігароддзі, што зрабіў яму Іісус.
    І ўсе здзіўляліся.
  • 21. І калі пераправіўся Іісус у лодцы зноў на другі бераг,
    сабралася народу мноства да Яго.
    І быў Ён каля мора.
  • 22. І вось прыходзіць адзін са старэйшын сінагогі,
    імем Іаір,
    і, ўбачыўшы Яго, падае ў ногі Яму
  • 23. і вельмі просіць Яго,
    кажучы: дачушка мая пры смерці,
    прыйдзі і ўскладзі на яе рукі,
    каб яна ўратавалася і жыла.
  • 24. І пайшоў за ім Іісус.
    І ўслед Яму ішоў вялікі натоўп,
    і напіралі на Яго.
  • 25. І жанчына нейкая,
    што мела кровацячэнне дванаццаць гадоў,
  • 26. і шмат нацярпелася ад многіх лекараў,
    і патраціла ўсё, што мела і ніякай палёгкі не атрымала,
    а стала ёй яшчэ горш;
  • 27. пачуўшы пра Іісуса, прыйшла ў натоўпе ззаду
    і дакранулася да вопраткі Яго;
  • 28. бо казала: калі дакрануся хоць да вопраткі Яго, уратаваная буду.
  • 29. І адразу спынілася кровацячэнне ў яе,
    і адчула яна целам, што вызвалілася ад хваробы.
  • 30. І адразу Іісус,
    адчуў у Сабе, што сіла выйшла з Яго,
    павярнуўся ў натоўпе і сказаў: хто дакрануўся да вопраткі Маёй?
  • 31. І казалі Яму вучні Яго: Ты бачыш, натоўп напірае на Цябе,
    а кажаш: хто дакрануўся да Мяне?
  • 32. І аглядаўся Ён,
    каб бачыць тую, што зрабіла гэта.
  • 33. А жанчына спалохалася і дрыжала, ведаючы, што з ёю адбылося,
    падыйшла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
  • 34. Ён жа сказаў ёй: дачка! вера твая ўратавала цябе;
    ідзі з мірам і здароваю будзь ад хваробы тваёй.
  • 35. Яшчэ калі Ён гаварыў,
    прыходзяць з дому старэйшыны сінагогі
    і кажуць: дачка твая памерла,
    навошта яшчэ турбуеш Настаўніка?
  • 36. Але Іісус, адразу пачуўшы гэтыя словы,
    кажа старэйшыне сінагогі:
    не бойся, толькі веруй.
  • 37. І не дазволіў нікому ісці за Сабою,
    акрамя Пятра, Іакава і Іаана, брата Іакавага.
  • 38. Прыходзяць у дом старэйшыны сінагогі,
    і бачыць Ён сумятню і тых, што плачуць і галосяць моцна.
  • 39. І, увайшоўшы, кажа ім: чаго вы хвалюецеся і плачаце.
    Дзяўчынка не памерла, а спіць.
  • 40. І насміхаліся з Яго.
    Але Ён, выправадзіўшы ўсіх,
    бярэ з Сабою бацьку дзяўчынкі і маці, і тых, што былі з Ім,
    і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.
  • 41. І, узяўшы дзяўчынку за руку, кажа ёй: таліфа кумі,
    што значыць: дзяўчына, табе кажу, устань.
  • 42. І адразу паднялася дзяўчына і пачала хадзіць,
    а было ёй гадоў дванаццаць.
    І ўразіліся ўражаннем вялікім.
  • 43. І загадаў ім строга, каб ніхто не даведаўся пра гэта,
    і сказаў даць ёй есці.
Ничего нет для сопоставления.