- 1. І, выйшаўшы адтуль,
прыходзіць у межы Іудзеі стараной заіарданскай.
І збіраюцца зноў да Яго натоўпы,
і, як звычайна, зноў вучыў іх. - 2. І, падышоўшы, фарысеі
спыталіся ў Яго, спакушаючы Яго:
ці дазволена мужу разводзіцца з жонкай? - 3. Ён жа сказаў ім у адказ: што запаведаў вам Маісей?
- 4. Яны сказалі:
Маісей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца. - 5. І, адказваючы, Іісус сказаў ім:
з-за жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь; - 6. але ад пачатку стварэння
мужчынам і жанчынай стварыў іх Бог. - 7. Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці
- 8. і прылепіцца да жонкі сваёй,
і будуць двое плоццю адною,
так што яны ўжо не двое, але адна плоць. - 9. Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.
- 10. І ў доме вучні Яго зноў пра гэта спыталіся ў Яго.
- 11. І сказаў ім:
Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншаю,
той пралюбадзейнічае супраць яе; - 12. і калі жонка развядзецца з мужам сваім
і выйдзе замуж за іншага,
пралюбадзейнічае. - 13. І прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх,
а вучні забаранялі тым, што прыносілі. - 14. Убачыўшы, Іісус разгневаўся і сказаў ім:
пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне
і не перашкаджайце ім;
бо такіх ёсць Царства Божае. - 15. Праўду кажу вам:
хто не прыме Царства Божага, як дзіця,
той не ўвойдзе ў яго. - 16. І, абняўшы іх, усклаў рукі на іх і благаславіў іх.
- 17. І калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта
і, упаўшы на калені перад Ім,
спытаўся ў Яго: Настаўнік добры!
Што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае? - 18. Іісус жа сказаў яму: што называеш Мяне добрым?
Ніхто не добры, толькі адзін Бог. - 19. Ведаеш запаведзі: "не пралюбадзейнічай;
не забівай;
не крадзі;
не сведчы лжыва;
не крыўдзі;
шануй бацьку твайго і маці". - 20. Ён жа сказаў Яму ў адказ: Настаўнік!
усё гэта захаваў я з юнацтва майго. - 21. Іісус жа, глянуўшы на яго, палюбіў яго
і сказаў яму: аднаго табе не хапае:
ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім;
і мець будзеш скарб на небе;
і прыходзь, і ідзі за Мной, узяўшы крыж. - 22. А той, азмрочаны гэтым словам, адышоў у смутку,
бо меў вялікую маёмасць. - 23. І, паглядзеўшы навокал, кажа Іісус вучням Сваім:
як цяжка будзе тым, хто мае багацце, увайсці ў Царства Божае. - 24. Вучні жахаліся ад словаў Яго.
А Іісус зноў у адказ кажа ім: дзеці!
як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Царства Божае. - 25. Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка,
чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае. - 26. Яны ж надзвычай здзіўляліся,
гаворачы між сабою: хто ж тады можа быць збаўлены? - 27. Паглядзеўшы на іх, Іісус сказаў:
людзям гэта немагчыма, але не Богу,
бо ўсё магчыма Богу. - 28. Пачаў Пётр гаварыць Яму:
вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою. - 29. Іісус сказаў у адказ: праўду кажу вам:
няма нікога, хто пакінуў дом,
ці братоў, ці сясцёр,
ці бацьку, ці маці,
ці жонку, ці дзяцей,
ці палі, дзеля Мяне і дзеля Евангелля, - 30. і не атрымае цяпер, у час гэты, пры ганеннях,
у сто разоў больш дамоў і братоў, і сясцёр,
і бацькоў, і маці, і дзяцей, і палёў,
а ў веку наступным жыцця вечнага; - 31. многія ж першыя будуць апошнімі
і апошнія першымі. - 32. Былі ж яны ў дарозе, узыходзячы ў Іерусалім,
і паперадзе іх ішоў Іісус, а яны жахаліся
і, услед ідучы, былі ў страху.
І узяўшы зноў дванаццаць,
пачаў ім гаварыць, што з Ім мае адбыцца: - 33. вось мы ўзыходзім у Іерусалім
і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам,
і асудзяць Яго на смерць,
і выдадуць Яго язычнікам; - 34. і наглумяцца над Ім,
і будуць бічаваць Яго
і пляваць на Яго,
і заб’юць Яго;
і на трэці дзень уваскрэсне. - 35. І падышлі да Яго Іакаў і Іаан, сыны Зевядзеевы,
кажучы: Настаўнік!
хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што папросім. - 36. А Ён сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?
- 37. Яны ж сказалі Яму: дай нам сесці
аднаму справа ад Цябе,
а другому злева ад Цябе,
у славе Тваёй. - 38. Іісус жа сказаў ім: не ведаеце, чаго просіце;
ці можаце піць чашу, якую Я п’ю
і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, хрысціцца? - 39. Яны ж сказалі Яму: можам.
А Іісус сказаў ім: чашу, якую Я п’ю, будзеце піць
і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца; - 40. а сесці справа ад Мяне ці злева — не Я даю,
але гэта для тых, каму ўгатавана. - 41. І, пачуўшы, дзесяцера пачалі гневацца на Іакава і Іаана.
- 42. А Іісус, паклікаўшы іх, кажа ім: вы ведаеце,
што тыя, хто лічыцца на чале народаў, пануюць над імі,
і вяльможы іх уладараць імі. - 43. Але не так няхай будзе сярод вас:
а хто хоча сярод вас большым быць, няхай будзе вам слугою; - 44. і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе ўсім рабом.
- 45. Бо і Сын Чалавечы не дзеля таго прыйшоў, каб Яму служылі,
але каб паслужыць
і аддаць душу Сваю ў выкуп за многіх. - 46. І прыходзяць у Іерыхон.
І калі выходзіў Ён з Іерыхона з вучнямі Сваімі і мноствам народу,
сын Цімееў, Варцімей сляпы,
сядзеў пры дарозе, жабруючы. - 47. І, пачуўшы, што гэта Іісус Назарэй, пачаў крычаць
і казаць: Сыне Давідаў, Іісусе, памілуй мяне! - 48. І многія патрабавалі ад яго, каб замаўчаў,
але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў, памілуй мяне! - 49. І, спыніўшыся, Іісус сказаў паклікаць яго.
І паклікалі сляпога,
кажучы яму: мацуйся, устань, кліча цябе. - 50. Ён жа, скінуўшы вопратку сваю,
устаў і прыйшоў да Іісуса. - 51. І ў адказ гаворыць яму Іісус: што хочаш, каб Я зрабіў табе?
Сляпы сказаў Яму: Раввуні! каб мне бачыць. - 52. Іісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе.
І адразу стаў бачыць
і пайшоў услед за Іісусам па дарозе.
Ничего нет для сопоставления.