- 1. І калі мінула субота,
Марыя Магдаліна і Марыя Іакавава, і Саламія
купілі духмянасцяў, каб, прыйшоўшы, памазаць Яго. - 2. І вельмі рана ў першы дзень тыдня
прыходзяць да магілы, калі ўзышло сонца, - 3. і гаварылі між сабою:
хто адваліць нам камень ад увахода ў магілу? - 4. І, паглядзеўшы, бачаць, што камень адвалены;
а быў ён надта вялікі. - 5. І, увайшоўшы ў магілу,
яны ўбачылі юнака, што сядзеў справа,
апрануты ў белы ўбор;
і жахнуліся. - 6. А ён кажа ім: не жахайцеся.
Іісуса шукаеце Назараніна, распятага;
Ён уваскрэс, Яго няма тут.
Вось месца, дзе паклалі Яго. - 7. Але ідзіце, скажыце вучням Яго і Пятру,
што Ён ідзе перад вамі ў Галілею;
там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам. - 8. І, выйшаўшы, пабеглі яны ад магілы;
іх ахапіла трымценне і жах,
і нікому нічога не сказалі, бо баяліся. - 9. А Іісус, уваскрэсшы ў першы дзень тыдня,
явіўся перш Марыі Магдаліне,
з якой выгнаў быў сем дэманаў. - 10. Яна, пайшоўшы, абвясціла тым, што былі з Ім,
якія смуткавалі і плакалі; - 11. і тыя, пачуўшы, што Ён жывы і што яна бачыла Яго,
не паверылі. - 12. Пасля ж гэтага
явіўся Ён у іншым вобразе двум з іх дарогаю,
калі яны ішлі ў сяло. - 13. І тыя, пайшоўшы, абвясцілі астатнім;
але і ім не паверылі. - 14. Нарэшце, явіўся Ён і самім адзінаццаці,
калі яны ўзляжалі на вячэры,
і дакараў іх за нявер’е і жорсткасць сэрца,
што яны тым, хто бачыў Яго Уваскрэслага, не паверылі. - 15. І сказаў ім: ідучы па ўсім свеце,
прапаведуйце Евангелле ўсяму стварэнню. - 16. Хто будзе мець веру і хрысціцца, той збаўлены будзе;
а хто не будзе мець веры, асуджаны будзе. - 17. А тых, хто ўверуе, будуць суправаджаць знаменні такія:
імем Маім будуць яны выганяць дэманаў;
будуць гаварыць новымі мовамі; - 18. будуць браць змей;
а калі што смяротнае вып’юць, не пашкодзіць ім;
на хворых ускладуць рукі, і тыя будуць здаровыя. - 19. І вось, Гасподзь пасля таго, як гаварыў да іх,
узнёсся на неба і сеў праваруч Бога. - 20. А яны, выйшаўшы,
прапаведавалі ўсюды, і Гасподзь садзейнічаў ім
і пацвярджаў слова знаменнямі ўслед.
Амінь.
Ничего нет для сопоставления.