- 1. І выйшаў Ён адтуль і прыйшоў бацькаўшчыну Сваю,
і за Ім ішлі вучні Яго. - 2. І калі настала субота, пачаў Ён вучыць у сінагозе,
і многія слухачы дзівіліся, кажучы: адкуль у Яго гэта?
і што за мудрасць дадзена Яму,
і як такія цуды творацца рукамі Яго? - 3. Ці не цясляр гэта, сын Марыі
і брат Іакава, Іасіі, Іуды і Сімана?
І ці не сёстры Яго тут сярод нас?
І спакушаліся аб Ім. - 4. Іісус жа казаў ім: не бывае прарок без пашаны,
хіба толькі на бацькаўшчыне сваёй,
і ў родных сваіх, і ў доме сваім. - 5. І не мог там ніякага цуду стварыць,
толькі нямногіх хворых, усклаўшы на іх рукі, ацаліў. - 6. І дзівіўся нявер’ю іх.
І хадзіў па навакольных селішчах, навучаючы. - 7. І паклікаўшы дванаццаць, пачаў іх пасылаць па двое
і даў ім уладу над нячыстымі духамі. - 8. І наказаў ім нічога не браць у дарогу,
акрамя аднаго посаха:
ні торбы, ні хлеба, ні медзі ў поясе; - 9. але абувацца ў сандалі і не насіць дзвюх вопратак.
- 10. І казаў ім: калі дзе ўвойдзеце ў дом,
заставайцеся ў ім, пакуль не пойдзеце адтуль; - 11. і калі хто не прыме вас і не паслухаецца вас,
то выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з ног вашых
у сведчанне ім.
Праўду кажу вам:
лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень судны,
чым гораду таму. - 12. І, пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне,
- 13. і дэманаў многіх выганялі,
і памазвалі алеем многіх хворых, і ацалялі. - 14. І дачуўся пра Іісуса цар Ірад,
бо вядомым стала імя Яго,
і казаў: гэта Іаан Хрысціцель з мёртвых паўстаў,
і таму цуды дзеюцца ім. - 15. Іншыя казалі: гэта Ілія,
а іншыя казалі: гэта прарок ці як адзін з прарокаў. - 16. А Ірад, пачуўшы,
сказаў: гэта Іаан, якому я адсек галаву,
ён паўстаў з мёртвых. - 17. Бо сам Ірад паслаў
схапіць Іаана і звязаў яго ў цямніцы
з-за Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго,
таму што ажаніўся з ёю. - 18. Бо Іаан казаў Іраду:
не належыць табе мець жонку брата твайго. - 19. А Ірадыяда, гневаючыся на яго,
жадала яго забіць,
ды не магла. - 20. Бо Ірад баяўся Іаана,
ведаючы яго як чалавека праведнага і святога,
і аберагаў яго,
і шмат рабіў, слухаючыся яго,
і з ахвотаю яго слухаў. - 21. І настаў зручны дзень,
калі Ірад у гадавіну свайго нараджэння
ладзіў пір вяльможам сваім,
тысячаначальнікам і старэйшынам Галілейскім, - 22. і ўвайшла дачка Ірадыяды,
і танцавала, і дагадзіла Іраду і тым, што ўзляжалі з ім.
Сказаў цар дзяўчыне: прасі ў мяне чаго хочаш,
і дам табе. - 23. І пакляўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе,
хоць і паўцарства майго. - 24. Яна ж выйшла і спытала ў маці сваёй: чаго прасіць?
Тая адказала: галаву Іаана Хрысціцеля. - 25. І яна адразу, паспешліва ўвайшоўшы да цара,
прасіла, кажучы: хачу каб ты цяпер жа даў мне
на блюдзе галаву Іаана Хрысціцеля. - 26. І засмуціўся цар,
але дзеля клятвы і тых, што ўзляжалі з ім,
не захацеў адмовіць ёй. - 27. І адразу, паслаўшы целаахоўніка,
цар загадаў прынесці галаву яго. - 28. Той, пайшоўшы, адсек яму галаву ў цямніцы
і прынёс на блюдзе
і аддаў яе дзяўчыне,
а дзяўчына аддала яе маці сваёй. - 29. І, дачуўшыся, вучні яго
прыйшлі і ўзялі цела яго,
і паклалі яго ў магілу. - 30. І сабраліся апосталы да Іісуса
і расказалі Яму ўсё:
і што зрабілі, і чаму навучылі. - 31. І сказаў ім:
пайдзіце вы самі, асобна, у пустэльнае месца і адпачніце крыху.
Бо многія прыходзілі і адыходзілі,
так што і паесці ім не было калі. - 32. І адправіліся яны ў пустэльнае месца на лодцы асобна.
- 33. І ўбачыў народ, як яны адплывалі,
і пазналі іх многія,
і пехатою з усіх гарадоў спяшаліся туды,
і апярэдзілі іх,
і сышліся да Яго. - 34. І, выйшаўшы, убачыў Іісус мноства людзей
і пашкадаваў іх,
бо яны былі як авечкі без пастыра;
і пачаў іх вучыць многа. - 35. І калі быў ужо час позні,
вучні Яго, падышоўшы да Яго, казалі:
месца тут пустэльнае, і ўжо час позні, - 36. адпусці іх, каб пайшлі ў навакольныя вёскі ды селішчы
і купілі сабе хлеба, бо не маюць чаго есці. - 37. Ён жа ў адказ ім прамовіў: вы ім дайце есці.
І кажуць Яму: ці не пайсці нам купіць хлябоў дынарыяў на дзвесце
і даць ім есці? - 38. Але Ён гаворыць ім: колькі хлябоў маеце?
Ідзіце і паглядзіце.
І даведаўшыся, яны кажуць: пяць хлябоў і дзве рыбіны. - 39. І загадаў ім рассадзіць усіх групамі на зялёнай траве.
- 40. І ўзляглі ў рады па сто і па пяцьдзесят.
- 41. І, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны,
узвёўшы вочы на неба, благаславіў і пераламіў хлябы,
і даваў вучням Сваім, каб разносілі ім,
і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх. - 42. І елі ўсе і насыціліся.
- 43. І назбіралі кавалкаў хлеба дванаццаць поўных кашоў
і рэшты ад рыбы. - 44. А было тых, што елі хлябы, каля пяці тысяч мужчын.
- 45. І адразу прымусіў вучняў Сваіх увайсці ў лодку
і адправіцца ўперад Яго на той бок да Віфсаіды,
пакуль Ён адпусціць людзей. - 46. І, адпусціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
- 47. І як настаў вечар, лодка была пасярод мора,
а Ён адзін на зямлі. - 48. І ўбачыў іх, знясіленых веславаннем,
бо вецер дзьмуў насупраць ім;
і каля чацвёртай варты ночы
наблізіўся да іх, ідучы па моры,
і хацеў абмінуць іх. - 49. Яны ж, убачыўшы, як Ён ідзе па моры,
падумалі, што гэта прывід, і закрычалі. - 50. Бо ўсе Яго бачылі і перапалохаліся.
І адразу загаварыў з імі
і сказаў ім: мацуйцеся,
гэта Я, не бойцеся. - 51. І ўвайшоў да іх у лодку;
і вецер суняўся.
І яны надзвычай былі ўзрушаныя ў сабе і здзіўляліся. - 52. Бо не ўразумелі таго, што адбылося з хлябамі,
бо сэрца ў іх было скамянелае. - 53. І, пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую,
і прысталі да берага. - 54. І калі выйшлі яны з лодкі,
адразу людзі пазналі Яго , - 55. і, аббегшы ўсё наваколле тое,
і пачалі на пасцелях прыносіць хворых
туды, дзе, па чутках, быў Ён. - 56. І куды б ні прыходзіў Ён,
у паселішчы, ці ў гарады, ці ў вёскі,
на людных месцах клалі хворых
і прасілі Яго, каб хоць да краю адзення Яго дакрануцца;
і тыя, што дакраналіся да Яго, уратоўваліся.
Ничего нет для сопоставления.