Глава 2

  • Закрыть сопоставления
  • 1. І прыйшоў Ён зноў у Капернаум праз некалькі дзён,
    і чутна стала, што Ён у доме.
  • 2. І адразу сабраліся многія,
    так што не ўмяшчаліся ўжо і пры дзвярах,
    і Ён казаў ім слова.
  • 3. І прыйшлі, несучы да Яго паралізаванага,
    якога трымалі на руках чацвёра;
  • 4. і, не маючы як наблізіцца да Яго з-за натоўпу,
    яны раскрылі дах над тым месцам, дзе Ён быў,
    і, пракапаўшы, апусцілі пасцель, на якой ляжаў паралізаваны.
  • 5. І, убачыўшы веру іх, Іісус кажа паралізаванаму:
    сыне, адпускаюцца твае грахі.
  • 6. Сядзелі ж тут некаторыя з кніжнікаў
    і разважалі ў сэрцах сваіх:
  • 7. Што ён гэтак Бога зневажае?
    Хто можа адпускаць грахі, акрамя аднаго Бога?
  • 8. І адразу Іісус, спазнаўшы духам Сваім,
    што яны так разважаюць у сабе,
    кажа ім: што гэта вы разважаеце ў сэрцах вашых?
  • 9. Што лягчэй?
    Сказаць паралізаванаму: "адпускаюцца твае грахі"
    ці сказаць: "устань, і вазьмі пасцель тваю, і хадзі"?
  • 10. Але каб вы ведалі,
    што мае ўладу Сын Чалавечы на зямлі адпускаць грахі, —
    кажа паралізаванаму:
  • 11. табе кажу: устань,
    і вазьмі пасцель тваю,
    і ідзі ў дом твой.
  • 12. І адразу ўстаў той,
    і ўзяўшы пасцель, выйшаў перад усімі,
    так што здзіўляліся ўсе і славілі Бога,
    кажучы: ніколі такога мы не бачылі.
  • 13. І выйшаў Іісус зноў да мора;
    і ўвесь народ ішоў да Яго,
    і Ён вучыў іх.
  • 14. І, праходзячы, ўбачыў Ён Левія Алфеевага,
    які сядзеў на мытні,
    і кажа яму: ідзі ўслед за Мною.
    І той, устаўшы, пайшоў услед за Ім.
  • 15. І калі Іісус узляжаў у доме яго,
    многія мытнікі і грэшнікі
    ўзляжалі з Іісусам і з вучнямі Яго;
    бо многа было іх, якія ішлі ўслед за Ім.
  • 16. І кніжнікі і фарысеі,
    убачыўшы, што Ён есць з мытнікамі і грэшнікамі,
    казалі вучням Яго:
    як гэта з мытнікамі і грэшнікамі Ён есць і п’е?
  • 17. І, пачуўшы, Іісус кажа ім:
    не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
    Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў,
    а грэшнікаў да пакаяння.
  • 18. Вучні Іаанавы і фарысейскія пасцілі.
    І прыходзяць і кажуць Яму:
    чаму вучні Іаанавы і фарысейскія посцяць,
    а Твае вучні не посцяць?
  • 19. І сказаў ім Іісус:
    хіба могуць пасціць сыны харомаў вясельных, калі з імі жаніх?
    Дакуль жаніх з імі, не могуць пасціць.
  • 20. Але прыйдуць дні, калі будзе ўзяты ад іх жаніх,
    і тады будуць пасціць у тыя дні.
  • 21. Ніхто латкі з палатна нябеленага не прышывае да адзежыны старой,
    інакш прышытым парвецца старое,
    і дзірка будзе яшчэ горшая.
  • 22. І ніхто не ўлівае віно маладое ў мяхі старыя:
    інакш прарве віно маладое мяхі,
    і віно выцеча,
    і мяхі прападуць;
    а віно малодае ў мяхі новыя ўліваць трэба.
  • 23. І давялося Яму ў суботу праходзіць пасевамі,
    і пачалі вучні Яго дарогаю зрываць калоссе.
  • 24. І фарысеі казалі Яму:
    паглядзі, чаму яны робяць у суботу, што не дазволена?
  • 25. І Ён кажа ім: ці ж вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід,
    калі патрэбу меў і згаладаўся сам і тыя, што былі з ім?
  • 26. як ён увайшоў у дом Божы пры Авіафары-першасвятары
    і з’еў ахвярныя хлябы,
    якіх не дазволена было есці нікому, акрамя святароў,
    і даў таксама тым, што былі з ім.
  • 27. І казаў ім: субота ўзнікла дзеля чалавека,
    а не чалавек дзеля суботы.
  • 28. Таму Сын Чалавечы ёсць гаспадар і суботы.
Ничего нет для сопоставления.