- 1. І адказваў Ёў і сказаў:
- 2. яшчэ і цяпер горкае слова маё: пакуты мае цяжэйшыя за стогны мае.
- 3. О, калі б я ведаў, дзе знайсьці Яго, і мог падысьці да трона Ягонага!
- 4. Я выклаў бы прад Ім усё маё і вусны мае напоўніў бы апраўданьнямі;
- 5. уведаў бы словы, якімі Ён адкажа мне, і зразумеў бы, што Ён скажа мне.
- 6. Няўжо Ён у поўнай магутнасьці пачаў бы спаборнічаць са мною? О, не! Няхай бы толькі даў увагі мне.
- 7. Тады праведнік мог бы спаборнічаць зь Ім, - і я назаўсёды атрымаў бы свабоду ад Судзьдзі майго.
- 8. Але вось, я іду наперад - і няма Яго, назад - і не знаходжу Яго;
- 9. ці робіць Ён што зь левага боку, я ня бачу; ці хаваецца з правага, не разгледжу.
- 10. Але Ён ведае шлях мой; няхай выпрабуе мяне, - выйду, як золата.
- 11. Нага мая цьвёрда трымаецца сьцежкі Ягонай; шляхі Ягоныя я захоўваў і ня ўхіляўся зь іх.
- 12. Ад наказаў вуснаў Ягоных не адступаўся; словы вуснаў Ягоных захоўваў болей, чым мае правілы.
- 13. Але Ён цьвёрды; і хто ўхіліць Яго? Ён робіць, чаго хоча душа Ягоная.
- 14. Так, Ён выканаў тое, што належала мне, і падобнага на гэта многа ў Яго.
- 15. Таму я дрыжу прад абліччам Ягоным; разважаю - і баюся Яго.
- 16. Бог расслабіў сэрца маё, і ‹сеўладны напалохаў мяне.
- 17. Чаму я ня зьнішчаны раней за гэтую цемру, і Ён не схаваў мораку ад твару майго!
Ничего нет для сопоставления.