- 1. Запавет паклаў я з вачамі маімі, каб ня думаць пра дзяўчыну.
- 2. Якая ж доля мне ад Бога згары? І якая спадчына ад Усемагутнага зь нябёсаў?
- 3. Ці не для бязбожніка пагібель, і напасьце ці ж не для таго, хто ўчыняе ліха?
- 4. Ці ж ня бачыў Ён шляхоў маіх і ці ня лічыў усіх маіх крокаў?
- 5. Калі я хадзіў у марнасьці, і калі нага мая сьпяшалася на хітрыкі, -
- 6. няхай узважаць мяне на вагах праўды, і Бог даведаецца пра маю беззаганнасьць.
- 7. Калі ступакі мае ўхіляліся ад дарогі і сэрца маё ішло сьледам за вачамі маімі, і калі што-небудзь нячыстае прыстала да рук маіх,
- 8. дык няхай я сею, а іншы есьць, і хай парасткі мае выкараненыя будуць.
- 9. Калі сэрца маё спакушалася жанчынаю і я ставіў пасткі каля дзьвярэй майго блізкага, -
- 10. хай мая жонка меле на іншага, і хай іншыя зьдзекуюцца зь яго,
- 11. бо гэта - злачынства, гэта - беззаконьне, якое падпадае суду;
- 12. гэта - агонь, які зьядае да зьнішчэньня, які зьнішчыў бы ўсё дабро маё.
- 13. Калі я меў у занядбаньні правы слугі і служанкі маёй, калі яны спрачаліся са мною,
- 14. дык што я пачаў бы рабіць, калі б Бог паўстаў? І калі б Ён паглядзеў на мяне, што мог бы я адказваць Яму?
- 15. Ці ня Ён, Які стварыў мяне ў чэраве, стварыў і яго і гэтак сама нас у нутробе?
- 16. Ці ж бы адмаўляў я ў просьбе тым, што мелі патрэбу, ці ж таміў бы вочы ўдавы?
- 17. Ці ж адзін я зьядаў кавалак мой, і ці ж ня еў ад яго і сірата?
- 18. Бо змалку ён рос са мною, як з бацькам, і ад чэрава маці маёй я кіраваў удаву.
- 19. Калі я бачыў каго, хто гінуў бяз вопраткі, і беднага бяз покрыва, -
- 20. ці ж не дабраслаўлялі мяне сьцёгны ягоныя, і ці ня быў ён сагрэты воўнаю авечак маіх?
- 21. Калі я падымаў руку маю на сірату, калі бачыў дапамогу сабе каля брамы,
- 22. дык няхай плячук мой адпадзе ад спіны, і рука мая хай адломіцца ад локця,
- 23. бо страшная мне кара ад Бога: перад веліччу Яго ня ўстояў бы я.
- 24. Ці закладваў я ў золаце апору маю і ці казаў скарбу: ты - надзея мая?
- 25. Ці радаваўся я, што багацьце маё было вялікае, і што рука мая набыла многа?
- 26. Гледзячы на сонца, як яно зьзяе, і на месяц, як ён велічна крочыць,
- 27. ці паквапіўся я ў таямніцы сэрца майго, і ці цалавалі вусны мае руку маю?
- 28. Гэта таксама было б злачынства, якое падлягае суду, бо я адрокся б тады ад Бога Ўсявышняга.
- 29. Ці радаваўся я пагібелі ворага майго і ці трыумфаваў, калі няшчасьце напаткала яго?
- 30. Не дазваляў я вуснам маім грашыць праклёнам душы ягонай.
- 31. Ці ж не казалі людзі намёта майго: о, калі б мы ад мяса ягонага не насыціліся?
- 32. Дарожнік не начаваў на вуліцы; дзьверы мае праходжаму я адчыняў.
- 33. Калі б я ўтойваў правіны мае, як чалавек, утойваючы ў грудзях маіх заганы мае,
- 34. дык я баяўся б вялікай грамады, і пагарда аднапляменцаў палохала б мяне, і я маўчаў бы і ня выходзіў бы за дзьверы.
- 35. О, калі б хто выслухаў мяне! Вось маё жаданьне, каб Усеўладны адказваў мне, і каб абаронца мой склаў запіс.
- 36. Я насіў бы яго на плячах маіх і ўскладваў бы яго, як вянок;
- 37. абвясьціў бы яму колькасьць крокаў маіх, зблізіўся б зь ім, як з князем.
- 38. Калі б лямантавала на мяне зямля мая і скардзіліся на мяне барозны яе,
- 39. калі я еў плады яе без платы і абцяжваў жыцьцё земляробаў,
- 40. дык хай замест пшаніцы вырастуць ваўчкі і замест ячменю куколь. - Слова Ёва скончылася.
Ничего нет для сопоставления.