- 1. Кіроўцу хору. Вучэньне. Сыноў Карэевых.
- 2. Божа, мы чулі на вушы свае, бацькі нашыя нам апавядалі пра дзею, якую ўчыніў Ты ў іхнія дні, у дні пракаветныя.
- 3. Ты рукою Тваёю панішчыў народы, а іх насадзіў; расьсеяў плямёны і выгнаў іх;
- 4. бо ня мечам сваім яны зямлю набылі, і ня іхняя мышца іх выратавала, а Твая правіца і мышца Твая і сьвятло аблічча Твайго; бо дабраволіў ім.
- 5. Божа, Цару мой! Ты - той самы; даруй ратунак Якаву.
- 6. З табою паборам рагамі супраціўнікаў нашых; у імя Тваё патопчам нагамі і тых, што паўсталі на нас;
- 7. бо не на лук мой спадзяюся, і ня меч мой уратуе мяне;
- 8. а Ты ўратуеш нас ад ворагаў нашых, і пасароміш ненавісьнікаў нашых.
- 9. Хваліцьмемся Богам штодня, і імя Тваё будзем славіць вечна.
- 10. Ад сёньня Ты адкінуў нас і пасароміў, і ня выходзіш з войскам нашым,
- 11. змусіў нас уцякаць ад ворага, і ненавісьнікі нашы рабуюць нас;
- 12. Ты аддаў нас, як авечак, на поед, і расьсеяў нас між народамі;
- 13. бяз выгоды прадаў Ты народ Твой, і не падвысіў яму цаны;
- 14. аддаў нас на зьдзекі суседзям, на глум і зьнявагу наўкольным;
- 15. Ты зрабіў нас пагудкаю паміж народамі, і галавою хітаюць народы з нас.
- 16. Кожны дзень зьнявага мая перада мною, і сорам на твары маім
- 17. ад голасу паклёпнікаў і зьняважнікаў, ад позіркаў ворага і помсьніка:
- 18. усё гэта найшло на нас; але мы не забылі Цябе і запавету Твайго не парушылі.
- 19. Не адступілася сэрца наша, і ня ўхіліліся нашыя ногі ад дарогі Тваёй,
- 20. калі скрышыў Ты нас у зямлі шакалаў і акрыў нас ценем сьмяротным.
- 21. Калі б мы забыліся імя Бога нашага і працягнулі рукі нашы да Бога чужога,
- 22. дык ці не спагнаў бы за гэта Бог? Бо Ён ведае таямніцы сэрца.
- 23. Але за Цябе забіваюць нас кожнага дня, прымаюць нас за авечак ахвярных...
- 24. Паўстань, чаго сьпіш, Госпадзе! прачніся, не адкінь назаўсёды.
- 25. Навошта хаваеш аблічча Тваё, забываеш пра скруху нашу і пра нашыя ўціскі?
- 26. бо душа наша зьніжаная да пылу, і да зямлі наша цела прыпала.
- 27. Паўстань жа на дапамогу нам, і дзеля ласкі Тваёй выратуй нас.
Ничего нет для сопоставления.